80 гадоў таму Луіза Арнэр Бойд пачала экспедыцыю па Палессі



Знакавая, але малавядомая падзея пачалася на Палессі 80 гадоў таму. У жніўні 1934 года чалец Амерыканскага геаграфічнага таварыства, амерыканская вандроўніца, якая ўваходзіць у ТОП-10 першапраходцаў свету Луіза Арнэр Бойд распачала двухмесячную навуковую экспедыцыю.

Грамадзянка ЗША адкрыла сусветнай супольнасці прыгажосць краю бясконцых рэк ды багнаў і ўвекавечыла ў фатаздымках самабытнае Палессе. Дзякуючы плённай працы Бойд, сучаснікі знаёмяцца са страчанай спадчынай Прыпяцкай зямлі. Усяго амерыканка зрабіла тысячу здымкаў Палесся, палова з якіх дагэтуль захоўваецца ў архівах Гістарычнага таварыства ў Сан-Рафаэле (ЗША) і ніколі не публікаваліся.

Краязнаўца Эдвард Злобін адзначае, што імя даследчыцы неабходна папулярызаваць  сярод беларусаў, бо сорамна, калі ў Польшчы ды ЗША больш ведаюць пра экспедыцыю амерыканкі па Палессю:

– Яна больш вядомая, як даследчык Палесся, паўсюдна дзе заўгодна, у той жа Польшчы, у той жа Амерыцы. Выходзіла некалькі альбомаў яе вандровак, яе экспедыцыя са Львова ў Вільню. Яна проста была зачараваная Палессем, пачынаючы з Данбровіцы, цяперашняй Дубровіцы, яна пачала рабіць фотаздымкі. Асноўны фонд, напэўна, гэта фотаматэрыялы, прысвечаны Палессю.

Упершыню фотаздымкі з экспедыцыі па Палессю пабачылі свет у выданні 1937 года, якое зроблена дзякуючы намаганням польскіх і амерыканскіх даследнікаў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя