Праваабаронцы на «Жывых размовах» у Гародні
Усебаковасць праваабарончых арганізацый прадставілі на сустрэчы ў Гародні пад назвай «Жывыя размовы». Можна было даведацца, чым займаюцца «Студэнцкая рада», Беларускі Хельсінскі камітэт, праваабарончы цэнтр «Вясна», абаронцы жывёлаў і абаронцы ЛГБТ, моладзевы праваабарончы рух ды цэнтр прававой трансфармацыі «Lawtrend”. На сустрэчу прыйшлі гарадзенцы розных сацыяльных груп, і тут можна было пагаварыць на розныя тэмы.
Пра сустрэчу распавядае адна з арганізатарак Ірына Пракопчык з праваабарончага цэнтра “Вясна”:
– Гэтае мерапрыемства кааліцыя праваабарончых арганізацый задумала дзеля таго, каб у рэгіёнах Беларусі пазнаёміцца з насельніцтвам, а таксама прапанаваць, паказаць і распавесці пра дзейнасць сваёй арганізацыі не ў рэкламным фармаце, а як жывую размову.
Паліна Лейнік – псіхолаг грамадскага аб’яднання «Ідэнтычнасць»:
– Наша арганізацыя займаецца абаронай і прасоўваннем правоў чалавека ЛГБТ. Мы праводзім маніторынг парушэнняў правоў чалавека, мы абараняем, падтрымліваем маральна.
Уладзімір Андрэенка – МПГ-Беларусь:
– Мы можам прапанаваць прайсці наш семінар па правах чалавека на пальцах. Таксама мы можам прапанаваць грамадскі кантроль, назіранне на судах і масавых мерапрыемствах.
Гэта сустрэча адбылася ўпершыню ў Гародні, і арганізатары спадзяюцца, што гарадзенцы далучацца да абароны сваіх правоў. У горадзе над Нёманам да гэтага часу сваю працу вялі прадстаўнікі праваабарончага цэнтра “Вясна” і Беларускага Хельсінскага камітэта.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня