Яраслаўль Максіма Багдановіча



Максім Багдановіч – беларускі паэт, які большую частку жыцця пражыў на чужыне. Яраслаўль – горад, у якім Максім Багдановіч жыў больш за ўсё –  з 1908 па 1916 (да ад’езду ў Менск восенню 1916 года). У яраслаўскі перыяд адбыўся росквіт таленту паэта.  jaraslaul2.

У Яраслаўлі ў 1908 г. Максім Багдановіч напісаў першыя лірычныя вершы: „Над магілай”, „Прыйдзе вясна”, „На чужыне”, якія былі апублікаваны ў беларускай газеце „Наша ніва”, пачынаючы з 1909 года творы Максіма Багдановіча не сыходзілі са старонак гэтай газеты.

jaraslaul5

У 1909-1913 гг. Максім Багдановіч напісаў таксама  больш дзесяці вершаў на рускай мове, зрабіў шэраг пераклаў на беларускую мову Авідзія, Гарацыя, П. Верлена.

У яраслаўскі перыяд Максім Багдановіч займаўся распрацоўкай канцэпцыі развіцця беларускай літаратуры ад старажытнасці да пачатку ХХ ст. Гэта знайшло адлюстраванне ў артыкуле па гісторыі беларускага пісьменства „Глыбы і слаі” (надрукаваны ў „Нашай ніве”), а таксама ў працах „Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да ХVІ сталецця”, „За сто лет. Нарыс гісторыі беларускай пісьменнасці” і „Новый период в истории белорусской литературы”.

jaraslaul4

“Працаваў Максім многа, – распавядаў Павел Адамавіч Багдановіч, малодшы брат паэта,- звычайна пісаў і чытаў толькі лежачы. Памятаю, у яго вельмі многа ішло паперы на чарнавікі. Напіша адзін варыянт, не спадабаецца яму, дык ён бярэцца за другі…”

jaraslaul1

Падчас жыцця Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі Максім Багдановіч супрацоўнічае з газетай “Наша Ніва”, у яраслаўскі перыяд выходзіць адзіны прыжыццёвы зборнік паэта “Вянок”.  У Яраслаўлі, Максім Багдановіч пісаў не толькі на беларускай мове, але актыўна супрацоўнічаў у мясцовай газеце «Голос».

Каханнем і музай для Максіма Багдановіча ў яраслаўскі перыяд была Ганна Какуева, сястра яго аднакласніка, таленавітая піяністка. Яе вобразам  навеяны паэтычныя творы „Учора шчасце толькі глянула нясмела”, „Больш за ўсё на свеце жадаю я”, некаторыя іншыя.

ig34

Восенню 1916 г., скончыў у Яраслаўлі юрыдычны ліцэй, Максім Багдановіч пераехаў у Менск.

У 1991 годзе ў Яраслаўлі адчыніўся музей Максіма Багдановіча – у доме, дзе жыла сям’я паэта.

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя

 Шубіна, Т. Максім Багдановіч у Яраслаўлі. Беларуская мова і літаратура ў школе. – 1991. – № 12. – С. 11 – 12.

Паліна Качаткова. Цені. Экскурс, напісаны былой музейнай супрацоўніцай. Дзеяслоў 11. 2003

Богданович А. Е. Материалы к биографии Максима Адамовича Богдановича // Шлях паэта. Успаміны і біяграфічныя матэрыялы пра Максіма Багдановіча. — Мн.: Маст. літ., 1975.