Мікалай Статкевіч зноў кліча на плошчу



Экс-кандыдат у прэзідэнты, былы палітвязень Мікалай Статкевіч ізноў заклікаў людзей на плошчу.

Гэтым разам — на плошчу Свабоды, 23 верасня. Мікалай Статкевіч хоча правесці абмеркаванне «вынiкаў болей чым 21-гадовай дзейнасцi Аляксандра Лукашэнкi». Самога Лукашэнку Статкевіч таксама запрашае прыйсці на плошчу.

Метадолаг і філосаф Уладзімір Мацкевіч яшчэ пасля першага пікета з удзелам Статкевіча адзначыў, што сапраўдныя палітыкі павінны заняцца арганічнай працай з грамадствам, а не вадзіць па плошчах:

– Усё, што тычыцца добрага, грунтоўнага аналізу сітуацыі, планавання дзейнасці нікога не цікавіць, няма стэйкхолдэраў беларускіх пераменаў, таму на паверхні знаходзяцца толькі тыя, хто здольны гарлапаніць і арганізаваць на некалькі дзясяткаў чалавек мітынг. І так за апошні час было змарнавана шмат ініцыятыў, прапановаў, праграмаў, якія распачыналіся і з-за гэтай дурноты былі сапсаваныя.

На мінулым тыдні Мікалай Статкевіч правёў пікет ля ГУМу, на палітыка быў складзены пратакол.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org