Луксор. Фаташоп Рамзэса Вялікага



Магчымасць самаідэнтыфікавацца ў чужым абліччы – ці не найбольшая спакуса сеціва?.. Кволы пяцікласнік вешае на аватарку “Вконтакте” выяву зверавітага спецназаўца, клінічная нікчэмнасць прадстаўляецца мачо на “ферары”, а троешнік са школы для дэфектыўных – Альбертам Эйнштэйнам.

Дастаткова толькі базавых ведаў фаташопа – і нехта з наведвальнікаў сацыяльных сетак абавязкова паверыць у немудрагелісты падман.

У Каірскім музеі я бачыў мумію Рамзэса Вялікага – ці не самага вядомага фараона за ўсю егіпецкую гісторыю. Гэткі ссушаны перастарак, амаль без зубоў, са складзенымі на грудзях рукамі. Мумія не выклікала ў мяне ніякіх пачуццяў: звычайны музейны экспанат з інвентарным нумарам. Не ўпэўнены, што пры жыцці той фараон выглядаў так велічна і пафасна, як мы яго ўяўляем.

Рамзэс уладарыў у Егіпце неверагодныя сорак сем гадоў; на той час яго падданыя не жылі больш за трыццаць. Большасць з іх ніколі не бачыла Рамзэса нават у пяшчотным юнацтве, а ўжо нягеглым старым – і пагатоў. Калі б найвялікшы фараон усяе егіпецкай гісторыі пераапрануўся жабраком і на капыл Гарун-аль-Рашыда вырашыў пашпацыраваць па сталічным рынку, яго б напэўна не пазналі нават з твару. Тагачасныя егіпцяне ўяўлялі ўладара Верхняга і Ніжняга Егіпта тым самым велічным скамянелым асілкам у кароне са змяюкай, якім яго і ляпілі скульптары. Майстры старажытнаегіпецкай манументальнай прапаганды і былі першымі майстрамі палітычнага фаташопа…

Такія думкі бадзяліся ў мяне ў галаве, калі сам я бадзяўся сярод руінаў старажытнаегіпецкіх Фіваў, якія цяпер называюцца  Луксорам.

Спякотнае афрыканскае сонца напякала ў голаў. Нашая экскурсаводка голасна абвяшчала: “Русские!.. Кто тут русские?.. Водки тут нет, в отеле нажретесь, всем в автобус!..” Мясцовыя гандляры навязліва совалі ў рукі храбусткія папірусы “made in China” і змоўніцкі шапталі: “Это из гробница, э-э-э, самы настоящий, сам вчера грабил, только для тебя сто баксов, да?!..»

У мяне закруціў жывот, і я пабег да бліжэйшага сарціра. Як і мае быць у арабскім ватэрклазеце, прыбіральнай паперы там не было. Але ж у кішэні марынаркі я выпадкова знайшоў “Советскую Белоруссию», якую і разгарнуў…

…Цяпер над вобразамі першых асобаў дзяржаваў працуюць батальены стылістаў, грымёраў, студыйных асвятляльнікаў, фатографаў, аператараў, камп’ютарных графікаў ды іншых іміджмейкераў, мэта якіх – прадаць электарату станоўчы вобраз правадыра. Але, калі мы сустрэнем такога правадыра без адфаташопленай лысіны дзе-небудзь у чарзе, ці здолеем распазнаць у ім таго самага чалавека, якога прызвычаіліся бачыць па тэлевізары, на газетных старонках і ў тым жа сеціве?

[Not a valid template]

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара