Ад Някляева хочуць тлумачэнняў у справе пікету 10 верасня
Уладзіміра Някляева 15 верасня выклікаюць дзеля дачы тлумачэнняў. Праваахоўнікі хочуць іх атрымаць у сувязі з удзелам у пікеце, якія прайшоў 10 верасня ў Менску. Выклік быў зроблены ў гэты ж самы дзень па тэлефоне.
Старшыня аргкамітэту грамадскага руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі”, палітык і паэт Уладзімір Някляеў кажа, што не збіраецца нікуды ісці, а тлумачэнне ў яго і перад пікетам, і пасля яго – толькі адно, якое звязанае з яго законнымі правамі:
– Ёсць Канстытуцыя, якая нават у тым знявечаным выглядзе дае мне як грамадзяніну Беларусі права выяўляць сваю грамадзянскую пазіцыю. Плюс тое, што ў час выбарчых кампаній гэтае маё канстытуцыйнае права падцверджана яшчэ артыкулам 45 Выбарчага кодэкса, дзе зноў жа сказана пра тое самае, што я маю права на пікеты і мітынгі дзеля таго, каб выявіць сваю грамадзянскую пазіцыю. Яны панапісвалі ўсялякіх інструкцый, падзаконных актаў, але я не магу арыентавацца, як грамадзянін, які адчувае адказнасць за сваю краіну, на іх інструкцыі і нейкія падзаконныя паперы, якія не дазваляюць мне быць грамадзянінам.
Прыгадаем, што 10 верасня ў самым цэнтры Менску каля ГУМа былы палітычны вязень ды экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч арганізаваў пікет з патрабаваннем сумленных і свабодных выбараў.
На пікеце таксама выступілі Ўладзімір Някляеў ды лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. На самаго Статкевіча непасрэдна на месцы склалі адміністрацыйны пратакол.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя