Фільм пра герояў нашага часу



Прэзентацыя зборніка відэафільмаў пад агульным назовам «21 слова для XXI стагоддзя» адбудзецца 15 верасня ў Менску. Фільм склалі кароткамэтражныя ролікі пра людзей, якія сваімі ідэямі, чынамі, лёсамі сімвалізуюць агульную сацыякультурную прастору сучаснай Беларусі.

Кажа адзін з герояў фільма мастак Алесь Пушкін:

– Гэта дакументальны фільм, які распавядае пра 21 асобу Беларусі. Там і мой удзел. Як мы жывём і які пасыл сваім жыццём мы даём. Збяруцца ўсе 21 герой, нам пакужыць гэты фільм. Затым яго абмяркуем. Аўтары фільма: рэжысёр Валянціна Аксак, аператар Аляксандр Матафонаў.

Сярод іншых герояў фільма – настаўнік з Гудзевічаў Алесь Белакоз, пастар з Асіповічаў Эрнэст Сабіла, змагарка за незалежную радзіму з Паставаў Алеся Фурс, актор Раман Падаляка, музыка Андрусь Такінданг, літаратар Аляксей Шэін, грамадская актывістка Наста Дашкевіч ды многія іншыя. Прэзентацыя адбудзецца ў менскай «Арт-сядзібе» (праспект Незалежнасці, 58, 4 паверх). Пачатак а 19-й гадзіне.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя