Крама ў Беластоку запусціла бясплатны аўтобус з Гародні
Цэнтр распродажаў Outlet Białystok запусціў бясплатны аўтобус на 19 месцаў з Гародні.
Ён будзе ездзіць штосуботу. На першы рэйс ўжо няма месцаў, распавялі ў кампаніі „Трансагенцтва Фаварыт”.
„Аўтобус запоўнілі літаральна за некалькі гадзін, – распавядае дырэктар „Трансагенцтва Фаварыт” Уладзімір Саўко. – Але яшчэ не факт, што ўсе, хто забраніраваў месца, паедуць. Калі б чалавек грошы заплаціў, то паехаў бы ці ў выпадку чаго прыйшоў вярнуць грошы за квіток.
Аўтобус будзе адпраўляцца з прыгараднай платформы № 24 аўтавакзала Гародні ў 7:00. У Outlet Białystok прыбывае ў 9:00. Беларусам даюць тры гадзіны на наведванне крамы, затым аўтобус адпраўляецца ў Гародню.
У ахвотных скарыстацца бясплатным аўтобусам павінны быць дзейсныя візы. Рэйс ажыццяўляе польскі перавозчык.
Пакуль дакладна вядома пра тры рэйсы па маршруце Гародня – Outlet Białystok – Гародня 19, 26 верасня і 3 кастрычніка. Ці будзе ездзіць бясплатны аўтобус у далейшым, невядома.
Даехаць з Менска да Беластока на рэйсавым аўтобусе можна за 350 тысяч рублёў, з Гародні за 110-150 тысяч рублёў. Шоп-тур з Менска ў Беласток каля 450-600 тысяч рублёў у залежнасці ад дня і праграмы паездкі.