Пра кармічнага брата нашага ўсяго



Падавалася, ніхто не можа пераплюнуць нашае ўсё ў плане прэзідэнцкага доўгажыхарства. Нават савецкія генсекі не былі ля стырна так доўга. Леанід Ільіч Брэжнеў займаў вышэйшыя кіруючыя пасады 18 год: спачатку як першы сакратар, потым як генеральны сакратар ЦК КПСС. Юры Уладзіміравіч Андропаў, на шчасце ўсіх, памёр праз два гады свайго „генсечаства”. Кіраўнік КДБ, пасол у Венгрыі, які адыграў актыўную роль у сілавым падаўленні паўстання ў Венгрыі, ненавіснік дысідэнтаў… Менавіта пры ім пачаліся міліцэйскія рэйды па лазнях і кінатэатрах, падчас якіх правяралася, чаму людзі не на працы. Карацей, Юры Андропаў мог стаць чарговым Сталіным.

Пасля Андропава генсекам стаў Канстанцін Чарненка. Ён займаў сваю пасаду яшчэ меней: усяго год. Пасля чаго таксама адправіўся ў той свет, у які не верылі савецкія людзі. Пры Канстанціне Чарненку хадзіць па лазнях спынілі, але пачалася вайна супраць рок-гуртоў, быў цалкам рэабілітаваны Сталін. Карацей, Канстанцін Чарненка і Юры Аднропаў – абое рабое. Ці як казаў адзін палітычны дзеяч, „оба хуже”.

У Беларусі ўжо ўсе забыліся на тое, што ўлада можа змяняцца. Нават у Расеі адбывалася хоць нейкае перастаўленне кіраўнікоў. А ў нас – не. Таму падаецца, мы такія арыгінальныя. Аднак не, аказваецца, ёсць краіна ў свеце, дзе таксама кіраўнік змяняўся многа-многа гадоў таму. У Зімбабве прэзідэнт Роберт Мугабэ ўзначальвае краіну з 1980 года: спачатку як прэм’ер-міністар, потым – як прэзідэнт. Ягоны чарговы прэзідэнцкі тэрмін сканчаецца ў 2018 годзе. То бок у Зімбабвэ краінай кіруе адзін і той жа чалавек нязменна 31 год. І нядаўна гэты кіраўнік прачытаў на адкрыцці парламента тую ж прамову, якую зачытваць летась. Праўда, сам 90-гадовы старэча гэтага нават і не заўважыў. А яшчэ ў Зімбабвэ адзін даляр каштуе 35 квадрыліёнаў. Глядзіш, і ў нас на 31-м годзе кіравання таксама за адзін даляр будуць даваць некалькі дзясяткаў квадраліёнаў беларускіх рублёў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ