Слонімскі актывіст падаў тры заяўкі на пікет
Слонімскі грамадскі актывіст Іван Шэга падаў адразу тры заяўкі на пікеты. У раённым выканаўчым камітэце ўжо зарэгістравалі заяўкі на правядзенне пікетаў трэцяга, чацвёртага і пятага кастрычніка. Тэма планаваных мерапрыемстваў – “За мірную, нейтральную Беларусь!”. Такім чынам, слонімскія актывісты падтрымліваюць ініцыятыву лідара стваранага руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі” Уладзіміра Някляева. Кажа Іван Шэга:
– Гэта чужыя войскі на нашай тэрыторыі. Напрыклад, была такая ваенная база на Крымскай паўвыспе, у Севастопалі. І ўсе мы ведаем, што зрабілася з той паўвыспай. Таму тут ідзе прамая пагроза. Беларусі трэба пазбавіцца як можна хутчэй ад гэтай базы і не заключаць дамову.
У апошнія гады слонімскія ўлады не дазваляюць актывістам праводзіць свае мерапрыемствы, хоць, як прыгадвае Іван Шэга, у час парламенцкай выбарчай кампаніі ўдалося правесці акцыі супраць расейскіх вайсковых базаў. Цяпер актывісты таксама плануюць выкарыстаць тыя магчымасці, якія дае выбарчая кампанія. Працягвае Іван Шэга:
– Ну, канешне, на 90% не дазволяць. Ім так прасцей. Але з другога боку, ёсць інфармацыя, што зверху ідзе ўказанне, каб рабілі выгляд, што ў нас усё вельмі дэмакратычна. Дазволяць – правядзём. Не дазволяць – значыць мы можам казаць, што нішто не мяняецца, усё як было, так і застаецца.
Адзначым, што днямі заяўкі на правядзенне двух пікетаў падаў яшчэ адзін слонімскі актывіст Іван Бедка, заяўкі пададзеныя ад чальцоў Слонімскага згуртавання дэмакратычных сілаў.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя