Пінскім старажытным могілкам – 200 год



За гэты час яны сталі сапраўдным помнікам не толькі гісторыі Палесся. Тут знайшлі вечны спачын выбітныя дзеячы Беларусі, Польшчы і Літвы. На жаль, за савецкі час пахаванні прыйшлі ў заняпад і большая частка ліквідавана, але нават тое, што захавалася, дае ўяўленне велічы і знакавасці могілак.

Акты вандалізму адбываюцца дагэтуль, больш за ўсіх трывае каталіцкая частка могілак.  Разам з тым, з-за магчымасці дакрануцца да мінуўшчыны, да павахаванняў узрастае цікавасць грамадзянскай супольнасці. У жыццё ўваходзяць экскурсіі па могілкам.

Краязнаўца Эдвард Злобін называе гэтую частку Пінска некропалем:

– Захаваліся адзіныя гістарычныя могілкі горада. Гэта сапраўды некропаль усяго Пінска, усіх канфесій, усіх нацыянальнасцей. Ён увабраў у сябе памяць пра розныя пакаленні і розныя гістарычныя вехі. Некропаль падзяляецца на каталіцкую і праваслаўную часткі. Тут можна знайсці пахаванні выбітных людзей як для гісторыі горада, Беларусі, так і для сусветнай гісторыі.

На пінскіх старажытных могілках пахаваныя прадстаўнікі вядомых радоў Агінскіх, Ордаў і Скірмунтаў. Удзельнікі вызвалечнай барацьбы, нямецкія, польскія, рускія жаўнеры і маракі. У 1993 годзе комплекс быў уключаны ў спіс гісторыка-архітэктурнай спадчыны, але для яе захавання пакуль нічога не робіцца.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Андрэй Дыбоўскі