Партыя “Разам” хоча прадстаўляць інтарэсы нацменшасцяў



Новая польская партыя “Разам” зарэгістравала ў Падляшскім ваяводстве выбарчы спіс у Сейм. Кандыдаты партыі хочуць быць альтэрнатывай для галоўных палітычных партый, якія, на іх думку, даўно сябе скампраметавалі.

У спісе знаходзяцца асобы з розных асяродкаў, якія ніколі не былі звязаныя з палітыкай. У Сейм ад імя партыі “Разам” вылучаюцца таксама прадстаўнікі нацменшасцяў.

Беларус Міхал Іванюк вырашыў вылучацца кандыдатам у выбарах:

– Як партыя “Разам” мы хочам працаваць для меншасці, хочам дзейнічаць у сферы культуры, самасвядомасці, школьніцтва. Напрыклад, у Сілезіі працуем з асяродкамі сілезцаў, падобным чынам хочам працаваць на Падляшшы з асяродкамі беларусаў, украінцаў, літоўцаў, татараў.

Галоўным патрабаваннем партыі “Разам” з’яўляецца адмена гэтак званых “смеццевых” працоўных дамоваў”, якія не прадугледжваюць выплаты пенсійных ды іншых сацыяльных адлічэнняў.

Кандыдаты партыі хочуць наведаць у час кампаніі на Падляшшы такія гарады, як Гайнаўка, Сямятычы і Бельск. З Падляшша ў Сейм ад імя партыі “Разам” вылучаецца 24 асобы.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя