Грамадзяне Расеі шукаюць палітычнага прытулку ў Польшчы



Аддзяленне памежнай службы у Хэлмe, што на паўднёвым усходзе Польшчы, пацвердзіла, што сёлета павялічылася колькасць заявак на палітычны прытулак ад грамадзян Расейскай Федэрацыі, асабліва з яе паўднёвых рэгіёнаў. Паводле прэс-сакратара, малодшага лейтэнанта Дарыюша Сяніцкага, з пачатку гэтага года на памежным пераходзе у Тарэспалі пра жаданне атрымаць палітычны прытулак у Польшчы заявіла большая колькасць уцекачоў, чым за ўвесь мінулы год:

– У адпаведнасці са статыстычнымі дадзенымі, у гэтым годзе ў Тэрэспалі мы прынялі ад грамадзян Расеі  больш за 4 тыс. заяў на наданне статусу ўцекача. Гэта апошнія дадзеныя. За ўвесь апошні год прынялі такіх заяў каля 3 тыс. Павелічэнне колькасці – відавочнае.

Пры гэтым прадстаўнік Памежнай Службы адзначыў, што гэтага нельга звязваць з наплывам уцекачоў з Блізкага Ўсходу ў Еўропу. У Тарэспаль пераважна едуць грамадзяне Чачні і каўказкіх рэспублік. А ў мінулыя гады бывала так, што заявак на палітычны прытулак ад грамадзян Расейскай Фэдэрацыі паступала болей чым нават сёлета.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Grzegorz Jakubowski / PAP