Павел Усаў: Беларуская апазіцыя – машына без колаў



усаўГрамадзянская супольнасць Беларусі не змагла знайсці рэальнай палітычнай альтэрнатывы Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах. Так мяркуе палітолаг Павел Усаў і дадае, што «калі няма сур’ёзнага лідара, які змог бы супрацьстаяць дзейнаму кіраўніку дзяржавы, не варта і складаць перадвыбарчыя праграмы»:

– Без лідара гэтая праграма не пераможа. Сёння трэба разумець: беларусы галасуюць не за праграмы, не за ідэі, а за лідара. І пакуль не з’явіцца такі лідар, марыць пра нейкую сур’ёзную праграму мы не можам. Я не разглядаю Караткевіч ні як апазіцыйнага кандыдата, ні як прадстаўніка дэмакратычных сілаў. А збольшага як праект уладаў. І ў такім праекце не можа з’явіцца больш сутнаснай і рацыянальнай праграмы.

Ці сённяшнія ўнутрыапазіцыйныя спрэчкі і няўменне дамовіцца пра вылучэнне адзінага прадстаўніка на выбарах 2015-га года стануць штуршком для беларускіх дэмакратычных сілаў? Павел Усаў у гэтым сумняецца:

На сённяшні дзень тую апазіцыю, якая існуе, – я кажу перадусім пра партыйную апазіцыю – няма сэнсу аб’ядноўваць. Як я часта кажу, сённяшняя партыйная апазіцыя – гэта машына без колаў. Яна нібы ёсць, але сэнсу ад яе існавання няма. Нібы ёсць машына ў гаражы, але праехацца на ёй уласнік аўтамабіля не можа.

Таму, на думку палітолага, трэба ствараць зусім новы апазіцыйны рух – пры наяўнасці новага лідара. Другі варыянт – шукаць нейкіх унутраных зменаў у кіроўнай эліце, якая прывядзе да агульных зрухаў у сістэме. Толькі тады актывізуюцца грамадскія рухі і арганізацыі, якія змаглі б паўплываць на палітычныя змены ў краіне – упэўнены Павел Усаў.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belaruspartisan.org