Старшыня з нецэнзурнай лаянкай кінуўся біцца



Старшыня калгаса “Зарэчанскі” Віктар Савось не знёс заўвагі былога галоўнага эканаміста калгаса, цяпер уладальніка дапаможнай гаспадаркі з вёскі Малая Сваротва Баранавіцкага раёна Івана Афанасіка. Старшыня з нецэнзурнай лаянкай кінуўся біцца. Справа дайшла да суда. „Але працэс зацягваецца, толькі тройчы міліцыянты павінны былі перапісваць пратаколы, а я езджу ўпустую на судовыя працэсы,” – кажа Іван Афанасік:

– Зайшоў у бухгалтэрыю, каб выпісаць камбайн. Старшыня сказаў, што з мяне трэба 30 тысяч за сотку. А за ўсіх узяў па 11 тысяч. Я прыйшоў аплачваць, і тут ён заходзіць. І я пытаюся ў яго: а чаму вам тады можна на калгаснай машыне па 45 кіламетраў у Баранавічы дамоў ездзіць – туды-сюды – кожны дзень? Калі б пераехалі жыць у калгас, то і мне камбайн быў бы танней.

Судовы працэс у чарговы раз адкладзены на 24-га верасня. На гэты раз па прычыне няяўкі старшыні калгаса Віктара Савося. Прычыну няяўкі суддзя не паведаміў. На думку грамадскага актывіста Уладзіміра Гундара, адбываецца здзек над тымі гаспадарамі, хто з’яўляецца альтэрнатывай калгасам. А ў судзе цягнуць час, каб выйшаў тэрмін для адміністрацыйнага пакарання.

Uladzimir Gundar i Ivan Afanasik

Уладзімір Гундар і Іван Афанасік

Цалкам матэрыял у гукавым фармаце

Беларускае Радыё Рацыя