12 жніўня Мікалай Статкевіч адзначае 58-годдзе



Палітычны зняволены Мікалай Статкевіч сёння  адзначае свой 58-ы дзень народзінаў. Як кажа кінадраматург і публіцыст Уладзімір Халіп, тое, што ў Беларусі  пазбаўляюць волі людзей за іх перакананні, сведчыць, што краіна пакуль не належыць да ліку цывілізаваных.

– Гэта жах. Гэта проста немагчыма ў Еўропе ў ХХІ стагоддзі. Спадар Статкевіч для мяне найперш – гэта кандыдат у прэзідэнты Беларусі. Гэта чалавек, які годна правёў сваю кампанію, які не быў заўважаны ні ў чым кепскім, які адважна змагаўся за Беларусь, за яе будучыню, за лёс яе народа. І сёння за гэта ён пакараны.

Уладзімір Халіп адзначае, што значная частка грамадства ў Беларусі фактычна здрадзіла такім людзям як Мікалай Статкевіч і не змагаецца за іх вызваленне.

„Тое, што чалавек, якім краіна павінна ганарыцца, сустракае чарговы дзень нараджэння за  кратамі – гэта вельмі сумна, і ў гэтым найперш наша віна – кожнага з беларусаў, – кажа Уладзімір Халіп.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Кандыдату ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Мікалаю Статкевічу спаўняецца 58 гадоў. Гэта чацвёрты Дзень народзінаў, які палітык сустракае ў турме. Гомельскі грамадскі дзеяч Алесь Яўсеянка перакананы, што ўлады ўтрымліваюць Міколу Статкевіча за кратамі з-за страху перад яго асобай:

– Мікола ніколі не напіша “чалабітную” нашаму “цару-бацюхну”. Ён ніколі не пойдзе на кампраміс з гэтай уладай. Ён – чалавек гонару. Мікалая Статкевіча ламаюць,  гробяць ягонае здароўе, таму што Лукашэнка рэальна адчувае, што Статкевіч вельмі моцны чалавек, харызматычны, які можа пайсці да канца. Дай Бог, каб Мікола трымаўся далей. Хутка будзе воля. 

Бард Вальжына Цярэшчанка згадвае сустрэчу, якую арганізоўваў Мікола Статкевіч у Гомелі напярэдадні апошніх выбараў у прэзідэнты:

– У 2010 годзе, калі Мікола з праграмай будучага кандыдата ў прэзідэнты ехаў у Гомель,  дзесьці ў раёне Жлобіна яны трапілі ў моцны туман і спазняліся на сустрэчу. Ужо сабраліся людзі. І мяне папрасілі сябры ягонай групы падтрымкі ўзяць гітару і паспяваць. Я гэта зрабіла з задавальненнем. А калі Статкевіч прыехаў, мы разам праспявалі “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Беларусь хутка будзе з Міколам Статкевічам. Вольная. 

Мікола Статкевіч увайшоў у беларускую палітыку больш за 20 гадоў таму. У пачатку 1991 года ён адмовіўся ад сяброўства ў КПСС у знак пратэсту супраць спробы задушэння мірнага пратэсту ў Вільні. Потым ён спрычыніўся да стварэння патрыятычнай арганізацыі „Беларускае згуртаванне вайскоўцаў”. У другой палове 1990-х быў адным з лідараў беларускага сацыял-дэмакратычнага руху. У 2005 годзе быў асуджаны на тры гады за акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

* * *

12 жніўня палітычнаму вязню, былому кандыдату ў прэзідэнты спаўняецца 58 гадоў. Пра тое, якім чынам можам далучыцца да віншаванняў, кажа жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч:

– Улічваючы кароткасць часу, які застаўся, звычайныя людзі, якія хочаць зрабіць яму прыемнае, могуць дасылаць яму тэлеграмы. Гэта робіцца вельмі проста, нават з тэлефону, напрыклад, з менскага хатняга тэлефону. Могуць даслаць ліст-паштоўку, і нічога што ён крышачку прыпозніцца. Іншых варыянтаў, я думаю, не вельмі знойдзецца.

Мікалай Статкевіч – адзіны кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, які дагэтуль застаецца ў зняволенні. Ён правёў за кратамі ўжо тры з паловай гады.

У траўні 2011 года суд Ленінскага раёну Менска прыгаварыў Мікалая Статкевіча да шасці гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні нібыта “ў арганізацыі масавых беспарадкаў” 19 снежня 2010 года. У студзені 2012 года яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы адбыцця пакарання. Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што яго палітычныя апаненты, якія знаходзяцца ў зняволенні, могуць быць вызваленыя пры ўмове, калі напішуць прашэнне аб памілаванні. Мікалай Статкевіч гэта рабіць адмаўляецца.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя