Гарадзенцы збіраюць гуманітарную дапамогу ўкраінцам



Гарадзенскія валанцёры пачалі збор рэчаў для Украіны ў рамках „Гуманітарнага маршруту Беларусь-АТО”. Для перадачы ва Украіну патрэбна зімовая вопратка, абутак і прадметы побыту, невялікія электрапрыборы для прыватнага ужытку, канцтавары, дзіцячыя лялькі.

Пра тое,  як ідзе збор рэчаў, распавядае грамадскі актывіст Алесь Кіркевіч:

– Прыносяць розныя рэчы, якія падпадаюць пад крытэр гуманітаркі. Найперш, гэта цёплая вопратка, абутак. Напрыклад, жанчына прынесла кажух, які каштаваў некалькі соцень баксаў. Не пашкадавала. Гэта і ёсць паказчык таго, што людзі не шкадуюць развітвацца з такімі рэчамі, бо ёсць канкрэтная патрэба і канкрэтная сітуацыя. Прыносяць людзі рознае. Але збольшага, прынамсі мне, трапляюцца актывісты або тыя, што былі раней актывістамі ў нейкіх арганізацыях. То бок, гэта людзі, якіх я ведаю.

Апрача Гародні і Менска, збор рэчаў адбываецца ў Гомелі і Берасці. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на старонцы „Гуманітарнага маршруту Беларусь-АТО” ў сацыяльных сетках. Таксама працягваецца збор сродкаў на чацвёрты аўтамабіль для добраахвотніцкага мабільнага шпіталя імя Міколы Пірагова. Два з іх “Ратаўніца” і “Мая” добра сябе зарэкамендавалі ў зоне АТО. На яшчэ адзін аўтамабіль грошы ўжо сабраныя і ў бліжэйшыя дні ён будзе дастаўлены ў зону АТО.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота з facebook.com