У Пінску адбылася сустрэча з Таццянай Караткевіч (абноўлена)



У Беларусі працягваецца выбарчая кампанія. У Пінску адбылася сустрэча Таццяны Караткевіч з мясцовымі жыхарамі. У вялікай зале гарадского Дому культуры прысутнічала звыш 300 гараджан, якія хацелі выслухаць праграму кандыдаткі ды пагутарыць аб праблемных пытаннях. Мясцовая каманда Караткевіч задаволеная сустрэчай, аніякіх правакацый не было, але супрацоўнікі гарадскога Дому культуры не падрыхтаваліся да візіту, паведаміў каардынатар ініцыятыўнай групы кандыдаткі па Пінску Дзмітрый Сяргіевіч.

– Работнікі ГДК не паклапаціліся, каб была ўсталявана апаратура. Таму атрымалася затрымка з-за таго, што бегалі і наспройвалі мікрафон. Выглядала гэта непрыгожа. Яны ведалі, што ў 16.00 пачнецца сустрэча і павінны былі да гэтага часу падрыхтавацца. Але нічога такога не было. Калі Караткевіч прыехала, ужо сядзелі людзі ў зале, але затым усе разам нейкі час чакалі, пакуль запрацуе мікрафон.

Ці наведаюць Пінск іншыя кандыдаты, не вядома. Пра намер заявілі ў штабе Сяргея Гайдукевіча, але без удакладненняў, калі гэта можа адбыцца.

* * *

“Грамадзянам ужо не трэба тлумачыць, што ў краіне ёсць праблемы, як гэта было раней, бо ўсё яны добра адчулі па ўласным прыкладзе”, – адзначае каардынатар каманды Таццяны Караткевіч па Пінску Дзмітрый Сяргіевіч. Паводле яго слоў, людзі шукаюць альтэрнатыву, хочуць, каб ім прапанавалі рэальны механізм для станоўчых змен.

Грамадскі актывіст паведаміў, што на сустрэчы з Таццянай Караткевіч у Пінску прысутнічалі грамадзяне рознага ўзросту, прыбытку і ўсе яны маюць шмат прабленых пытанняў:

– Пенсіянераў, канешне, цікавяць пытанні па ільготах. Пыталіся таксама, як выйсці з гэтага крызісу, пра беспрацоўе, гэта такія тэмы, якія людзей найбольш хвалююць. Затым Караткевіч доўга не адпускі, бралі аўтографы, фатаграфаваліся, задавалі асабістыя пытанні.

Пінская каманда Таццяны Караткевіч спадзяецца, што яшчэ ў межах агітацыйнай кампаніі сама кандыдатка альбо давераныя асобы наведаюць горад над Пінай. Бо “жывыя” сустрэчы з выбаршчыкам даюць у разы большы плён, чым распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя