Што будзе з гарадзенскімі смеццяводамі?
На працоўнай нарадзе ў Гарадзенскім гарвыканкаме прынята рашэнне не заварваць смеццеводы. Шмат гарадзенцаў пісалі скаргі пра тое , што смецце пасля заваркі зварачнымі апаратамі смеццеводаў проста валяецца на вуліцы. Птушкі і жывёлы разносяць бруд па дварах і пасля неахайнага вывазу смецця яно проста валяецца ў падворках. Пра рашэнне гарвыканкама гарадзенцы выказалі сваю думку карэспандэнту Беларускага Радыё Рацыя:
– Трэба проста ў смеццекамерах навесці парадак, падвесці гарачую ваду, правяраць, каб прыбіралі. Проста трэба працаваць і прыбіраць.
– Я за заварванне смеццеводаў, таму што такая антысанітарыя была, што не было чым дыхаць.
– Ад заварвання смеццеводаў я бачу адныя толькі мінусы, таму што раней усё было закрыта, машыны вывозілі смецце і не было ніякага непрыемнага паху. А зараз смурод стаіць і ў ліфце, бо смецце вязуць з усіх паверхаў, і ад кантэйнера, які стаіць перад самым пад’ездам.
У Гародні завараны 42 смеццеводы ў 30 дамах. Былі выпадкі, калі па шматлікіх патрабаваннях жыхароў даводзілася разварваць смеццеводы па вуліцах Горкага, Ажэшкі, Сацыялістычнай. У іншых гарадах Беларусі сітуацыя іншая, напрыклад, у Гомелі смеццеводы завараныя ў 100 % дамоў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота realt.onliner.by