На “гістарычным аўторку” распавядуць пра гарадзенскі некропаль
“Гістарычны аўторак” у гарадзенскай краме „Ц” будзе прысвечаны расповяду пра гарадзенскі некропаль. Гісторык Андрэй Вашкевіч распавядзе пра могілкі на вуліцы Антонава. Размова будзе прысвечана таму, пра што гавораць могілкі, чые гісторыі захоўваюць гранітныя пліты і драўляныя крыжы. Гарадзенскі некропаль па вуліцы Антонава падзелены на “каталіцкую” і “праваслаўную” часткі, недалёка ад яго знаходзяцца вайсковыя могілкі.
Пра сустрэчу пад назваю “Вандроўка па гарадзенскіх могілках” распавядае арганізатар “Гістарычных аўторкаў” Андрэй Несцяровіч:
– Своеасаблівая незвычайная экскурсія па гарадзенскіх могілках. Як вядома, могілкі – гэта маўклівыя сведкі мінулых падзей, мінулых эпох. Гэта помнікі людзям, помнікі гістарычным перыядам, па якіх можна адсачыць развіццё рэлігійных канфесій, і нават адносіны паміж людзьмі, адносіны паміж нацыянальнасцямі і стаўленнем гарадзенцаў да таго, што тут адбывалася, да тых, хто сюды прыходзіў, хто тут жыў, хто тут паміраў.
На гістарычных аўторках ужо размаўлялі пра старажытную Гародню, пра фарты крэпасці, пра музычную сцэну і выступоўцамі былі Віктар Саяпін, Міхал Анемпандыстаў і Аляксей Кайрыс, Зміцер Люцік і Віталь Карнелюк.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота mercana.by