Знізіўся валавы рэгіянальны прадукт



Валавы рэгіянальны прадукт Магілёўскай вобласці ў студзені-жніўні 2015 года на 3% меншы чым аналагічны паказчык за такі ж леташні перыяд, паведамляе галоўнае ўпраўленне статыстыкі рэгіёна.

Аб’ём прадукцыі сельскай гаспадаркі знізіўся на 9,7%, склаўшы па выніках васьмі месяцаў 9,3 трлн. рублёў. Пры гэтым намалот збожжа, без уліку кукурузы, склаў 76% да леташняга ўзроўню, або 1 млн. тон. Разам з тым за мінулыя студзень-жнівень павялічылася на 3,3% рэалізацыя жывёлы і птушкі на зарэз, на 6,9% — вытворчасць малака, на 13,7% — вытворчасць яек.

Жылля ў эксплуатацыю ўведзена на 14,5% менш, чым за аналагічны леташні перыяд, — 214 тыс. квадратных метраў жылой плошчы.

Нягледзячы на падзенне грузаабароту на 6,6%, грузаў перавезена 11,6 тыс. тон, што на 22% больш, чым у студзені-жніўні мінулага года. Разам з тым пасажыраў перавезена на 14,6% менш — 132,3 млн. чалавек.

Знізіліся ў Магілёўскай вобласці за восем месяцаў аптовы і рознічны тавараабарот — на 16,4% да 9,9 трлн. рублёў і на 0,8% да 19,6 трлн. рублёў адпаведна.

Паводле БелаПАН.