Абласны суд не задаволіў скаргу Рыгора Грыка



Старшыня Берасцейскага абласнога суда Тамара Сучок не бачыць падстаў для адмены рашэння суда горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна па справе актывіста прафсаюза радыёэлектроннай  прамысловасці Рыгора Грыка. Актывіст абскарджвае адмову Баранавіцкага гарвыканкама першамайскага пікета, скіраванага супраць збяднення. Афіцыйная адмова – Грык у заяве на пікет не пазначыў, ці будзе  выкарыстоўваць падчас масавага мерапрыемства піратэхнічныя сродкі, адкрытае вогнішча і транспартныя сродкі. І баранавіцкі суд, і Берасцейскі абласны не ўбачылі ў гэтай цалкам надуманай адмове нічога супрацьзаконнага.

Кажа Рыгор Грык:

– Наша ўлада ўжо 20 гадоў не дае выказацца грамадзяніну нашай краіны. І гэта незалежна ад таго, якая праблема – сацыяльная ці палітычная. Яны нас трымаюць, як у канцлагеры. І робяць з намі ўсё, што хочуць.

Рыгор Грык будзе абскарджваць такое рашэнне ў Вярхоўным судзе РБ. Ён мае намер дайсці да ААН, калі скарга не будзе задаволена  ў Вярхоўным  судзе.

Беларускае Радыё Рацыя