Сяргей Новікаў: Мы жывем у краіне, дзе ва ўладзе стаяць троечнікі
Сяргей Новікаў даў вялікае інтэрв’ю Tribuna.com. У ім закраналіся не толькі пытанні спорту, але і палітыкі. Вядомы спартовы журналіст распавёў, што яму не падабаецца ў сучаснай Беларусі.
„Мне не падабаецца, што гэтай краінай кіруюць троечнікі. Я вучыўся па пяцібальнай сістэме. І большасць у нашых школах, як правіла, фармавалі троечнікі. Такая шэрая маса людзей, якія трохі хочуць і ў сілу гэтага не на многае здольныя, якія гатовыя мірыцца з мінімумам, для якіх галоўнае, каб вакол не адбывалася узрушэнняў і рэвалюцый, ну, і якія па гэтай прычыне заражаныя вірусам нейкага прыстасаванства, крывадушнасці , мімікрыі да навакольнага асяроддзя і бесканфліктнасці. Так што цяпер мы жывем у краіне, дзе ва ўладзе стаяць троечнікі. Яны задаюць тон усяму. Эканоміцы, грамадскай думцы, інфармацыйнай палітыцы, мастацтву і культуры. Ну, і спорце. У прынцыпе, я шкадую, што лепшыя гады майго жыцця прайшлі ў такім вось асяроддзі. І так, трэба прызнаць такую сумную акалічнасць. Гэты час хацелася правесці ў значна больш цікавай абстаноўцы і адпаведна зрабіць значна больш цікавага. І цяпер у мяне ёсць гарачае жаданнем, каб усе памянялася. Каб мае дачка і ўнучка, якой пайшоў ужо пяты месяц, дачакаліся іншай абстаноўкі. Каб гэтая абстаноўка паўстала менавіта ў нашай краіне, а не якой-небудзь іншай„, адзначыў журналіст „Прэсбола”.
Сяргей Новікаў упэўнены, што да такой абстаноўкі нельга прыйсці, а трэба верыць і чакаць, таму што кожны па-рознаму адказвае на пытанне пра змены.
„Хтосьці выходзіць на плошчу, аблівае сябе бензінам і згарае ў гэтым полымі. Яго выбар. Ён герой. Хтосьці лезе на барыкады, з якіх не злазіць вось ужо 20 гадоў, і кліча туды іншых. У чымсьці паспяхова, у чымсьці беспаспяхова. Праўда, калі за 20 гадоў на барыкадах ты нічога не выйграў, напэўна, ты дрэнны барыкадчык. Ну, а хтосьці прытрымліваецца тэорыі малых спраў. Лічыць патрэбным пры наяўнасці магчымасці гаварыць з людзьмі на нармальнай мове, ўкараняць у іх галовы разумныя думкі, арыентаваць іх на разумныя думкі іншых, падказваць ім, што карысна даведацца, прачытаць, убачыць, каб стаць лепш. Гэта доўгі шлях. Але гэта найбольш фундаментальны шлях назапашвання крытычнай масы інтэлекту, які рана ці позна пачынае дамінаваць над светам троечнікаў і дыктаваць яму свой прыярытэт. У прынцыпе, вось так можна дачакацца пераменаў„, – лічыць Новікаў.