Станіслаў Багданкевіч: У Беларусі інфляцыя можа дасягнуць 25%



Былы кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч аналізуе высокія тэмпы росту інфляцыі ў краіне і прагназуе, як расейскія санкцыі могуць паўплываць на павышэнне коштаў у Беларусі.

Інфляцыя ў Беларусі з пачатку года перавысіла гадавы прагноз. У ліпені індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі ў Беларусі вырас у параўнанні з чэрвенем на 0,9% і на 11,1% – у параўнанні са снежнем 2013 года, паведамляе прэс-служба Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Нагадаем, згодна з афіцыйным прагнозам інфляцыя па выніках 2014 года павінна скласці 11%, аднак урад папярэджваў, што гэты паказчык можа быць перагледжаны ў горшы бок. „Раней на 2014 год інфляцыя прагназавалася на ўзроўні 11%, але цяпер пралічваем, што яна будзе большай — дзесьці 16-17%”, – заяўляла ў красавіку старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова, піша БелаПАН.

Згодна з прагнозам Сусветнага банка, інфляцыі па выніках 2014 года ў Беларусі перавысіць 16%.

Станіслаў Багданкевіч: У другім паўгоддзі тэмпы інфляцыі могуць паскорыцца. Гэта будзе звязана з тым, што ў сувязі з расейскімі санкцыямі ў адносінах да заходняй харчовай прадукцыі, Беларусь пастараецца зрабіць большымі пастаўкі сваіх тавараў у Расею – мяса, малака і гэдак далей. Таму канкурэнцыя ў нас павялічыцца з-за недахопу прадукцыі на ўнутраным рынку. У такіх умовах я мяркую, што да канца года інфляцыя ў Беларусі можа дасягнуць нават 25 працэнтаў. Гэта вельмі вялікія тэмпы!

РР: Якія яшчэ застаюцца прадпасылкі для росту інфляцыі?

Станіслаў Багданкевіч: Першае. Не развіты малы і сярэдні бізнес, а значыцца няма дробнай канкурэнцыі на ўнутраным рынку. Другое. Слабую палітыку праводзіць Нацбанк, таму што таварная маса не расце, а грашовая маса павялічваецца. І трэцяе. Я наогул не разумею, навошта Нацыянальны банк знізіў не так даўно ў чарговы раз стаўку рэфінансавання, калі інфляцыя галапіруе. Вось некаторыя асноўныя моманты, якія прыводзяць да таго, што з кожным днём кішэні беларусаў становяцца ўсё больш пустымі.

РР: Калі беларускія ўлады зараней ведаюць, што ім не ўдасца выканаць свае прагнозныя паказчыкі, навошта наогул рабіць такія прагнозы на афіцыйным узроўні?

Станіслаў Багданкевіч: 11 працэнтаў інфляцыі – гэта рэальны прагноз, калі б былі прынятыя жорсткія меры па абмежаванні грашовай масы, заробкаў насельніцтва, абмежавалі б крэдытаванне неэфектыўных праектаў у прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Грошы вылятаюць на вецер, заробкі падымаюцца, а выраблены неканкурэнтаздольны тавар прадаць не могуць. Калі б урад выконваў гэтыя нормы, то, мяркую, што паказчык у 11 працэнтаў можна было б дасягнуць. Хоць нават такі ўзровень – вельмі высокі. У многіх еўрапейскіх краінах ён на ўзроўні 2 працэнтаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя