Настальгія па 90-х па-гарадзенску



Месца сустрэчаў шчырых беларусаў і «бандзюкоў» 90-х гадоў — так узгадвае гарадзенскую кавярню «Батлейка» яе ўласнік, выкладчык Мікола Таранда.

Пра тое, каго можна было сустрэць у кавярні, якую ўзгадвалі ў вершах Алесь Чобат ды Юры Гуменюк, ён распавёў на занятках гарадзенскай «Мовы Нанова».

— Асяроддзе альбо беларускамоўнае, альбо бандыцкае: і тыя, і тыя заходзілі. Прыязджалі розныя музыкі ды гурты, што былі ў Гародні: NRM, Бонда, і не толькі яны. Некалькі разоў быў Пазьняк, апошні раз — у 96-м годзе. І, практычна, ўся наша эміграцыя.

Гарадзенец Ігар Кузьмініч:

— Калі я быў студэнтам, дык нейкі час працаваў у «Батлейцы» барменам. Мне гэта вельмі падабалася, бо па-першае, я быў пры справе, а па-другое, для студэнта галоўнае паесці, і ня дорага. Там бывала шмат знаёмых, ды й дзяўчаты заходзілі заляцацца. Усе беларусы, каторыя прыязджалі ці праходзілі, заўсёды завітвалі туды. Я пазнаёміўся з вялікай колькасцю беларусаў.

Прысутныя пабачылі здымкі сярэдзіны 90-х, можна было пачытаць аўтографы вядомых беларусаў, што ў свой час частаваліся ў невялікай кавярні. Да 1998 года яна месцілася пры гарадзенскім тэатры лялек.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня