Абы чарка і скварка



У беларускіх медыях з’явілася інфармацыя пра вынік апытання датычнага матэрыяльнага становішча беларусаў. З яго вынікае, што толькі кожны дзесяты беларус задаволены сваім дабрабытам, затое амаль палова беларусаў, як кажуць, «ледзьве зводзяць канцы з канцамі».

Ацэнкай свайго дабрабыту пацікавіўся ў беларусаў прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Агульнарэспубліканскае апытанне было праведзенае з 7-га да 23-га жніўня на 1600 грамадзянах, паводле праверанай, сацыялагічна-квотнай методыкі. На пытанні адказвалі дарослыя беларусы, гэта значыць не менш як 18-гадовыя. Улічваліся такія чыннікі як: месца пражывання, пол, узрост, адукацыя. Статыстычная памылка ў такога кшталту даследаваннях не перавышае 0.5 %.

Рэспандэнтам прапанавалася адказаць на пытанне: «як вы ацэньваеце ўзровень свайго дабрабыту?» Аказалася, што сваім матэрыяльным становішчам задаволеныя 11% апытаных беларусаў, затое кожны дзесяты грамадзянін Беларусі знаходзіцца безупынна ў даўгах. Практычна тры чвэрці беларусаў (72%) заявілі, што яны жывуць «ад заробку да заробку», альбо «ледзьве зводзяць канцы з канцамі». Толькі 7% апытаных ухіліліся ад адказу відавочна не будучы ўпэўненымі, як ацаніць іх маёмасны стан. Сярод тых, хто жыве адносна заможна, нязначна пераважаюць маладыя людзі з вышэйшай адукацыяй, пераважна жыхары Менска альбо Менскай вобласці. Адносна няблага жывуць жыхары вялікіх гарадоў. Задаволеныя сваім матэрыяльным становішчам прадпрымальнікі, дзяржаўныя работнікі і студэнты. Цяжка дацягнуць да зарплаты жыхарам вёсак і малых гарадоў, занятым у сельскай гаспадарцы, прадаўцам і прадстаўнікам творчых прафесіяў. «Ледзь зводзяць канец з канцом» старэйшыя людзі, зноў жа занятыя ў сельскай гаспадарцы, а таксама. пенсіянеры.

У цэлым: апытанне паказала, што беларусы бяднеюць. Гэта прызналі мяркуючы па саміх сабе 60% апытаных. Толькі траціна рэспандэнтаў не прыкмеціла заўважнай розніцы ў сваім матэрыяльным становішчы за апошнія 6 месяцаў. А што тычыцца таго, ці каму-небудзь стала лепей жыць у Беларусі, дык станоўча на гэтае пытанне адказалі 3% рэспандэнтаў. Сярод гэтых шчасліўцаў пераважаюць людзі з вышэйшай адукацыяй, а таксама прадпрымальнікі. Затое людзі ў пенсійным узросце, пасля 60-ці гадоў, адзначаюць, што цягам апошніх гадоў іх матэрыяльнае становішча не змяняецца. Інакш кажучы: у іхным жыцці поўная стабілізацыя.

Гэтае апытанне важнае з гледзішча прэзідэнцкіх выбараў. Заўважце: асноўны электарат дзейнага кіраўніка дзяржавы — пенсіянеры, не багачы, але яны адчуваюць стабільнасць і забяспечанасць. Збядненне грамадства ў цэлым адбылося, але яно не рэзкае і не драматычнае. Гэта не тая сітуацыя, якая прымушае людзей выходзіць на вуліцы. Я наагул здзіўляюся: як гэта так, што ў Беластоку на беларускіх нумарах не бачна старых, танных аўтамабіляў. Я асабіста звяртаю на гэта ўвагу, паколькі аўтамабіль шмат што гаворыць пра матэрыяльнае становішча чалавека. Выглядае, што ва ўсіх, хто прыязджае па пакупкі, не толькі нядрэнны аўтамабіль, але яшчэ і грошы, каб набыць нешта ў польскіх супермаркетах. Атрымліваецца, што на фоне суседняй Украіны і нават Расеі, беларусы могуць сябе лічыць шчаслівымі людзьмі. Вядома, шчасце — рэч адносная, але пачуццё стабільнасці і забясьпечнасці працуе на карысць кіраўніка дзяржавы. Вось таму ён пераможа на кастрычніцкіх выбарах нават без асаблівых фальсіфікацыяў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ