Баль у гонар Міхала Клеафаса Агінскага (абноўлена)



У Залессі пачаліся ўрачыстасці, прысвечаныя 250-годдзю з дня нараджэння Міхала Клеафанса Агінскага – вядомага кампазітара і грамадскага дзеяча, які частку свайго жыцця правёў у гэтым месцы. Палац Агінскіх пасля рэканструкцыі сустракае гасцей адрамантаваным.  На жаль, на аднаўленне ўсяго палацава-паркавага комплекса ў дзяржавы не хапіла сродкаў. Таму, ці дачакаецца ён паўнавартаснага аднаўлення, застаецца загадкай – лічыць краязнаўца і даследчык сям’і Агінскіх Сяргей Верамейчык:

– Перспектывы ў сядзібы такія ж, як у нас усіх. Калі будзе эканоміка з прыбыткам, то тады з’явяцца грошы. У нас, паводле закона, немагчыма ўзяць ды выкупіць, бо ўсё належыць дзяржаве.

Улады маюць намер выкарыстоўваць палацава-паркавы комплекс у Залессі выключна ў турыстычных мэтах. Мясцовыя жыхары прапаноўвалі частку палаца аддаць дзецям з мэтай адраджэння тэатральных традыцый, аднак такая ідэя не знайшла падтрамкі ў Смаргонскім раённым выканаўчым камітэце.

* * *

У Залессі пройдзе баль у гонар 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. Святкаваць юбілей у сядзібе знакамітага кампазітара і грамадскага дзеяча будуць цягам пяці дзён, паведамляе grodnonews.by.

21223 і 24 верасня пройдзе міжнародная канферэнцыя «Спадчына М.К.Агінскага у культуры трох народаў”. Гасцям сядзібы будзе прадстаўлены спектакль Менскага абласнога драматычнага тэатра «Паланэзы на вяртанне».

Галоўныя ўрачыстасці адбудуцца 25 верасня. Спецыяльна да юбілею кампазітара прымеркавана адкрыццё музейнай экспазіцыі, якую наведвальнікі ўбачаць упершыню пасля рэканструкцыі сядзібы. Тут можна будзе не толькі ўбачыць антыкварныя экспанаты: мэблю, музычныя інструменты, посуд, аксэсуары, карціны, копіі дакументаў і артэфактаў роду Агінскіх, высокамастацкія муляжы грамат, друку Агінскага , але і адчуць прысутнасць кампазітара – у экспазіцыі будзе выкарыстаны галаграфічны сюжэт ад’езду Міхала з сядзібы ў Фларэнцыю.

Юбілейныя ўрачыстасці увечары 25 верасня працягне канцэртная праграма з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. А 26 верасня ў сядзібе Агінскага адбудзецца касцюміраваны баль. Завершыцца святкаванне юбілею кампазітара 27 верасня канцэртам ансамбля камернай музыкі «Класік – авангард» Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

У Залессі чакаюць нашчадкаў Агінскага па лініі дачкі АмелііЛідзію, Зыгмунта і Ганну Зялінскіх з Познані.

Фота grodnonews.by