Суд — завочны, штраф — рэальны



Старшыня Гарадзенскай гарадской арганізацыі партыі БНФ, Вадзім Саранчукоў, 19 снежня 2014 года быў завочна аштрафаваны за ўдзел у штогадовай акцыі памяці паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы.

Даведаўся грамадскі актывіст пра гэта толькі цяпер, калі атрымаў позву ад судовага выканаўцы, які мае намер спагнаць з Вадзіма Саранчукова штраф у памеры двух мільёнаў двухсотпяцідзсеяці тысяч беларускіх рублёў. Судовы працэс, які адбыўся амаль год таму, на думку Вадзіма Саранчукова не адпавядае заканадаўству, у сувязі з чым не можа лічыцца законным:

— Я, мякка кажучы, досыць здзіўлены, якім чынам суд увогуле мог прыняць да разгляду няпоўны пакет дакументаў без маіх тлумачэнняў. Адпаведна, якім чынам без маёй прысутнасці і без паведамлення адбыўся суд у свіслацкім раёне. Працэсуальных парушэнняў там вельмі-вельмі шмат. Суд ня меў права прымаць гэтыя дакументы да разгляду. Я буду звяртацца ў Свіслацкі суд: якім чынам так выйшла, што прынятыя дакументы без дапрацоўкі і з парушэннямі, і як суд мог адбыцца без маёй прысутнасці.

Завочнае асуджэнне пазбавіла Вадзіма Саранчукова права на законнае абскарджанне рашэння суда Свіслацкага раёна, які абвінаваціў грамадскага актывіста ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

За ўдзел у мінулагодняй акцыі памяці паўстанцаў 1863 года было асуджана больш дзесяці асобаў па ўсёй Беларусі, а сума штрафаў перавысіла 35 мільёнаў рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня