Падпісана сумесная заява супраць расейскіх ваенных базаў (абноўлена)



Прадстаўнікі апазіцыйных партыяў і шэрагу грамадскіх арганізацыяў заклікалі беларусаў на сход супраць размяшчэння ў Беларусі расейскай вайсковай базы. Сход запланаваны на 4 кастрычніка. «Дамова пра размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі расейскай ваеннай базы можа быць падпісаная ў бліжэйшы час. Гэта згубны крок, які можа прывесці да страты незалежнасці Беларусі. Гэта здрада нашым нацыянальным інтарэсам, здрада народу і краіне», — чытаем у заяве пад назвай «За Беларусь без чужых вайсковых базаў».

Пад заявай падпісаўся шэраг  лідараў апазіцыйных партыяў і рухаў, сярод іх і старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

Гэта супольная пазіцыя. Дакумент адкрыты на падпісанне. Сёння пад ім пакінулі свае подпісы Някляеў, Губарэвіч, Янукевіч, Статкевіч, Арэшка, Сіўчык. Будуць яшчэ і пэўныя практычныя крокі, каб распаўсюдзіць гэтую дыскусію на ўсё грамадства. І народны сход, які запланаваны на 4-га чысла, ёсць адной з форм такой працы з людзьмі. Бо пытанне замежнай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі – важнае і актуальнае для ўсіх нас.

Тэкст заявы «За Беларусь без чужых вайсковых базаў» змешчаны ў Інтэрнэце і дасланы ў дзяржаўныя ўстановы, у тым ліку ў Міністэрства абароны і Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі.

* * *

У Менску падпісана сумесная заява асноўных апазіцыйных дэмакратычных партый і арганізацый аб недапушчальнасці размяшчэння ў Беларусі расейскай ваеннай базы.

Ад Партыі БНФ дакумент падпісаў яе старшыня Аляксей Янукевіч.

– Відавочна, што расейская вайсковая база, калі яна з’явіцца ў Беларусі, зробіць немагчымым еўрапейскую інтэграцыю нашай краіны на шмат гадоў наперад. А гэта значыць, што фактычна мы будзем прывязаныя да Расеі не толькі вайскова, а і палітычна, і эканамічна. І з улікамі на тое, што сёння Расея дэградуе, дэградуе як дзяржава, дэградуе як грамадства, то гэта нам азначае быць намёртва прывязанымі да “Тытаніка”, які няўхільна ідзе на дно.

Таму размяшчэнне расейскай ваенный базы ў Беларусі стане выракам суверэнітэту беларускай дзяржавы, – лічыць Аляксей Янукевіч.

Тэкст заявы «За Беларусь без чужых вайсковых базаў» будзе змешчаны ў інтэрнэце і дасланы ў дзяржаўныя ўстановы, у тым ліку ў Мінабароны і Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі.

Беларускае Радыё Рацыя