Апытанка ва Украіне: Ці галасавалі б вы за Лукашэнку?
Праўладныя беларускія медыя сцвярджаюць пра надзвычайную папулярнасць Аляксандра Лукашэнкі ў постсавецкіх краінах, асабліва – у памежных з Белеруссю. Ёсць нават такое меркаванне: калі б Лукашэнка балатаваўся ў тых краінах на прэзідэнцкіх выбарах, ён бы абавязкова там перамог.
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война апытаў жыхароў Чарнігаўскай вобласці, памежнай з Беларуссю: “Ці галасавалі б вы за Аляксандра Лукашэнку, калі б ён балатаваўся на пасаду Прэзідэнта Украіны? Ці меў бы ён тут нейкія шанцы?”
Сяргей, інжынер: Не, я не галасаваў бы за Лукашэнку. Таму што я не ведаю, хто ён такі. Мы ўвогуле пра Беларусь амаль нічога не ведаем. Ведаем, што яна ёсць такая побач, і ўсё. Зноў-такі: а чаму беларусы едуць да нас у Чарнігаў? Зарплаты ў іх там высокія, але ж і кошты таксама! Чаму ў іх краіна закрытая? А яшчэ я не хацеў бы, каб наша Украіна была прывязаная да Расеі, як тая ж Беларусь. Краіна павінна быць незалежнай. Калі Украіна незалежная дзяржава, то яна павінна быць незалежнай! Як і Беларусь…
Васіль, прадпрымальнік з Рэпак: Яшчэ гадоў 10-15, можа быць, Лукашэнка і быў бы ў нас актуальным. Можа, людзі за яго б і прагаласавалі. А цяпер у нас ніхто нікому не дае веры. Кожны цягне ўладу і нічога не робіць. А вось Лукашэнка не даў разваліцца той жа сельскай гаспадарцы, таму ў Беларусі ўсё квітнее. А ў нас усё завалена. Калі б Лукашэнка і стаў бы нашым прэзідэнтам, то была б, магчыма, нейкая дыктатура…
Пятро, фермер: Мяркую, што “так”, людзі б за яго галасавалі. Таму што ўкраінцы бачаць: гэта – гаспадар! Хай і суворы, хай і прыціскае свабоду слова, але ж у Беларусі ўсё працуе, як гадзіннік…
Мікола, кіроўца-“дальнабойшчык”: У Беларусі працу даюць. Бескаштоўная медыцына, хоць нейкае абслугоўванне. Так, у яго дэмакратыі мала. Але ж каму даваць дэмакратыю? Вы ж бачыце, якія мы ўсе трусікі! Вы бачыце, што ў нас дзеецца ва Украіне? Крадуць яшчэ больш, чым Азараў і Януковіч. Ніякіх рэформаў, нічога няма. А Лукашэнка, напэўна, тут бы ўсіх парастрэльваў! Я не ведаю, ці здолеў бы ён тут зрабіць рэформы. У нас ёсць цяпер свой такі Лукашэнка – Міхаіл Саакашвілі. Калі ў яго нешта атрымаецца, будзе добра…
Ганна, афіцыянтка: Лукашэнка меў бы тут вельмі непаганыя шанцы выйграць выбары. Калі ён столькі гадоў трымае лад і парадак у сваёй краіне – то чаму б яму не зрабіць такое і тут?
Іван, студэнт: Ён дамовіўся з Пуціным пра размяшчэнне вайсковай базы ў Беларусі. Навошта нам тут такі прэзідэнт?!
Юрый, прыватны прадпрыемца: У памежных раёнах можа і набраў бы 15%. А так у нас тут народ вольналюбны. Не думаю, што ён увогуле мог бы тут кудысьці прайсці.
Аляксандр Ясенчук, грамадскі актывіст: Не, не галасаваў бы. Гэта – чалавек з мінулага, а мы, украінцы, рухаемся наперад. Да таго ж мне не падабаюцца ягоныя метады кіравання. Мне не падабаюцца яго погляды на беларускую культуру. Мне не падабаюцца яго погляды на эканоміку. Нашто мне за такога галасаваць?
Сярод прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі на Чарнігаўшчыне – пераважна тыя, хто памятае савецкае мінулае, а таксама людзі з нізкім узроўнем прыбыткаў.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя