Пытанне Беларусі на Еўрапейскай канферэнцыі па правах чалавека



У Варшаве праходзіць найбуйнейшая штогадовая Еўрапейская канферэнцыя па правах чалавека і дэмакратыі, арганізаваная «Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ». На гэтай канферэнцыі прысутнічае старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

РР: Алесь, ці на фоне таго, што цяпер адбываецца ў Еўропе, і ў свеце: вялікі наплыў эмігрантаў у Еўропу, вайна на Блізкім Усходзе, неспакойная Паўночная Афрыка. Ці разглядаецца на гэтай канферэнцыі пытанне Беларусі: правоў чалавека і дэмакратыі ў нашай краіне?

— Безумоўна разглядаецца і залежыць гэта ад актыўнасці праваабаронцаў, грамадскіх актывістаў, якія маюць права і ўдзельнічаюць у працы гэтай нарады па чалавечым вымярэнні. Беларуская дэлегацыя дастаткова вялікая, актыўная і ў шматлікіх тэмах, якія закранаюць увесь спектр грамадзянскіх і палітычных правоў, удзельнічаюць беларускія праваабаронцы і грамадскія актывісты.

 РР: Што абмяркоўвалася дагэтуль, бо канферэнцыя ўжо пачалася. Пра што вялася гаворка і што стане на парадку дня толькі сёння?

— Сама канферэнцыя пачалася 21 верасня. Ужо ішла размова пра працу і ўмовы працы журналістаў, у розных краінах, у тым ліку і ў Беларусі. Пра аб’ектыўнасць і справядлівасць судовай сістэмы, і сітуацыя ў Беларусі таксама абмяркоўвалася. Вельмі важнымі былі сустрэчы з нацыянальнымі прадстаўніцтвамі: амбасадамі розных краінаў–сябраў АБСЕ, і беларусы ўдзельнічалі ў розных такіх сустрэчах. Сёння гэтыя мерапрыемствы працягнуцца, прынамсі ў другой палове дня пройдуць дзве сустрэчы, адна з якіх будзе прысвечана працы праваабаронцаў у краінах АБСЕ, у тым ліку і ў Беларусі, і адно мерапрыемства будзе прысвечана зніклым і канкрэтна праблеме зніклых у Беларусі. А заўтра–паслязаўтра будуць абмяркоўвацца іншыя тэмы: умовы правядзення выбараў, і ў гэтым абмеркаванні будуць браць удзел праваабаронцы, грамадскія актывісты і палітычныя эксперты, а таксама такія тэмы, як смяротнае пакаранне, праблема ўцекачоў, якая можа ў меншай ступені, чым краіны Еўразвязу, але датычыць таксама і Беларусі.

РР: У Беларусі ідзе выбарчая кампанія, на якую ўскладаюць надзеі і ўлады Беларусі і еўрапейскія палітыкі, ад якіх мы неаднаразова чулі выказванні, што ад таго як пройдуць выбары залежыць тое, ці адменяць санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Ці сярод праваабаронцаў і ў АБСЕ ёсць разуменне, што выбары праходзяць не ў адзін дзень, што гэта працэс, які ў Беларусі ўсё ж далёкі ад дэмакратычных стандартаў, прынятых, да прыкладу, у Заходняй Еўропе?

— Трэба сказаць, што АБСЕ актыўна назірае за выбарамі ў Беларусі і місія АБСЕ прысутнічае практычна на ўсіх выбарах апошнія 20 гадоў і трэба сказаць, што з 1996 года аніводныя выбары ў нас не былі прызнаныя назіральнікамі АБСЕ. Яны ўжо назіраюць за выбарамі ў Беларусі і колькасць назіральнікаў павялічыцца ў апошнія дні, калі пачнецца датэрміновае галасаванне, і ў апошні дзень галасавання. Яны выкарыстоўваюць агульныя стандарты для назірання і выдатна разумеюць, што выбары не адбываюцца ў апошні дзень.

РР: Вы тут згадалі зніклых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў у Беларусі. Значыць, праваабаронцы пра іх памятаюць і такія справы не забываюцца, да іх вяртаюцца.

— Гэта справы сапраўды вельмі важныя для нас, і адносна іх ніколі не будзе тэрміну даўніны, яны заўсёды будуць актуальнымі і нягледзячы на тое, што сённяшнія беларускія ўлады хаваюць праўду, нічога ня робячы для расследавання гэтых знікненняў, я перакананы, што прыйдзе час калі грамадства, усе мы, даведаемся праўду пра тое, хто вінаваты ў гэтых палітычных знікненнях. Сёння пройдзе паказ дакументальнага фільму празнікненні ў Беларусі, які называецца «Банда». Пройдуць дыскусіі, у якіх возьмуць удзел блізкія сваякі зніклых.

РР: Падобныя канферэнцыі для вас пэўнага роду «свята», бо штодзённая праца праводзіцца ў зусім іншых, цяжэйшых, умовах. Наколькі такія сустрэчы і абмен думкамі дапамагаюць потым праваабаронцам працаваць у сваіх краінах і пераадольваць штодзённыя бар’еры, клопаты і часта пераслед?

— Гэта сапраўды гэткі нефармальны форум праваабаронцаў, прысвечаны вельмі канкрэтным тэмам і канкрэтным дыскусіям, дзе адначасова адбываецца многа нефармальных размоваў: мы дзелімся досведам і думаем, якім чынам мы можам дапамагчы адзін аднаму ў нейкіх крызісных сітуацыях. Трэба сказаць, што калі 4 гады таму гэтае паседжанне АБСЕ пачыналася з таго, што ўсе праваабаронцы моўчкі сталі ў галоўнай зале, дзе сядзелі амбасады, ў кашульках з маімі партрэтамі, дык сёлета, гэта паўтарылася, але на кашульках былі партрэты азербайджанскіх праваабаронцаў, якія цяпер знаходзяцца ў зняволенні. Такім чынам, мы выкарыстоўваем гэтую канферэнцыю, каб, вобразна кажучы, зверыць свае гадзіннікі і зразумець, што нам рабіць у будучым годзе.

 

Канферэнцыя па пытаннях правоў чалавека і дэмакратыі праводзіцца БДІПЧ АБСЕ штогод. Канферэнцыя будзе доўжыцца да 2 кастрычніка.

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя