Украіна набірае папулярнасць сярод беларускіх турыстаў
Заходняя Украіна ў свядомасці сярэднестатыстычнага беларуса – тэрыторыя варожая і таму небяспечная для вандровак. Па маскоўскіх тэлеканалах рэгулярна расказваюць пра “маршы неанацыстаў”, якія нібыта праходзяць у Львове, Луцку і Івана-Франкоўску. Крамлёўскія інтэрнэт-рэсурсы поўняцца жахамі пра катаванні “русскоязычных».
Як насамрэч успрымаюць беларусаў у Заходняй Украіне? Чаму ў курортным Трускаўцы так мала ўкраінскай сімволікі? Як вітаюць львавяне гасцей з Беларусі?
Наш украінскі карэспадэнт Марцін Война пагутарыў з Людмілай Буглак, эканамісткай з Гомеля, якая нядаўна адпачывала з сям’ёй у Трускаўцы, а потым крыху павандравала па Заходняй Украіне.
Людміла Буглак: Я ўсё жыццё пражыла ў Гомелі. Нашай сям’і арганізавалі танную пуцёўку ў Трускавец – адпачыць і крыху падлячыцца: мне, мужу і дзіцёнку. Калі нашыя знаёмыя дазналіся, куды мы сабраліся, адразу занепакоіліся. Маўляў, зайдзі ў інтэрнэт ды паглядзі, куды вы хочаце паехаць! У іх жа там помнік Сцяпану Бандэру стаіць, там жа спрэс бандэраўцы! Але ж мы вырашылі рызыкнуць і паехаць, каб на ўласныя вочы пабачыць, што гэта за горад, што гэта за краіна…
РР: А на якой мове вы там размаўлялі – расейскай, беларускай ці нейкай іншай?
Людміла Буглак: Размаўлялі пераважна на расейскай. Расейскую мову мы чулі і ў крамах, і на вуліцах, гэта ўспрымалася там цалкам нармалёва, і ніхто нас за гэта не катаваў. Ставіліся да нас у Трускаўцы з вялікай павагай. Там неверагодная атмасфера! Ніхто не замінаў нам бавіць час, як мы хочам: ездзіць на экскурсіі, піць мініральную ваду, прымаць санаторныя курсы. Выдатная краіна і выдатныя людзі!
РР: Трускавец – адзін з нешматлікіх украінскіх гарадоў, дзе на вуліцах вельмі мала ўкраінскай сімволікі. Чаму такое адбываецца?
Людміла Буглак: Сапраўды, таксама звярнулі ўвагу. Спыталіся ў мясцовых – чаму, маўляў, так? Нам растлумачылі: у нас адпачываюць і грамадзяне Расейскай Федэрацыі, і каб залішні раз не турбаваць тых, хто наглядзеўся тэлебачання пра “бандэраўцаў”, вырашылі звесці нацыянальную сімволіку ў Трускаўцы да мінімума. Людзі вельмі патрыятычныя, але ж з вялікай павагай ставяцца і да іншых нацыянальнасцяў.
РР: А як там ставіліся менавіта да беларусаў? Вы ж не прыхоўвалі, што вы беларусы?
Людміла Буглак: Вядома ж, не! Пазнаёміліся мы там з украінскай сям’ёй і нават з імі пасябравалі…
РР: А з якога горада тая сям’я?
Людміла Буглак: Івана-Франкоўск.
РР: То бок, яны ўкраінскамоўныя?
Людміла Буглак: Так, украінскамоўныя.
РР: І якой на мове вы з імі размаўлялі?
Людміла Буглак: На расейскай. І тыя людзі адразу пераходзілі на расейскую, каб нам было больш камфортна. Мне, вядома ж, сорамна, што я сама беларуска, але роднай мовай валодаю не надта добра.
РР: І потым гэтыя людзі запрасілі вас да Львова. Але ж, калі верыць прамаскоўскай прапагандзе, у Львове трымаюць рэй нацысты… Якім вы пабачылі Львоў?
Людміла Буглак: Неверагодна камфортна! Мы ехалі аўтобусам, дзе было багата рускамоўных. Ніхто ім за гэта не наракаў.
РР: Калі вы, напрыклад, заходзілі ў львоўскае кафэ і звярталіся там расейскай мовай, то да вас быў нейкае адмоўнае стаўленне?
Людміла Буглак: Ніякай агіды нам ніхто не выказваў, што вы!
РР: У Львове напярэдадні вашай паездкі прайшоў футбольны матч Украіна-Беларусь. Нашыя заўзятары здавалі там кроў для параненых у зоне Антытэрарыстычнай аперацыі… Вы пра гэта што-небудзь вядома?
Людміла Буглак: Калі ў Львове дазнаваліся, што мы з Беларусі, нас віталі словамі “Жыве Беларусь!” Я, натуральна, адказвала “Слава Украіне!” Мы там неверагодна пабраталіся… Мой муж нават кульнуў за гэта кілішак, дый і не адзін! Галоўнае, што мы там зразумелі – беларусаў ва Львове паважаюць і любяць, незалежна ад таго, якія яны, расейскамоўныя ці беларускамоўныя.
Дастаткова толькі адной вандроўкі да Трускаўца ці да Львова, каб зняверыцца ў навязаных міфах пра Заходняю Украіну. Людзі больш даюць веры ўласным вачам, чым карцінцы з тэлеэкрана.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота voyage-club.com