Праект змены закона аб нацменшасцях вярнулі ў камісію
У польскім Сойме адбылося другое чытанне праекта змены закона аб нацыянальных ды этнічных меншасцях. Дэпутацкі праект прадугледжвае ўвядзенне дапаможнай мовы меншасці ў паветах ды магчымасць прызначэння ў самаўрадах упаўнаважаных па справах меншасці. Папраўкі да праекта змены закона прапанаваў дэпутат Левых дэмакратаў Яўген Чыквін. Гэта і прызнанне грэцкай меншасці, і ўвядзенне рэлігійнага элементу тоеснасці меншасці.
– Для нацыянальнай меншасці, якая сутыкаецца з моцнымі працэсамі паланізацыі, – меншасці беларускай рэлігія з’яўляецца падставовай фундаментальнай каштоўнасцю. Праект закона не прадугледжвае фінансаванне ініцыятываў, звязаных з рэлігіяй, у сферы культуры. Проста апускаюцца рукі.
З увагі на папраўкі дэпутата Яўгена Чыквіна праект змены закона вяртаецца ў камісію. Галасаваць за праект абяцаюць усе партыі апрача PSL ды Закона і Справядлівасці. Увядзенне дапаможнай мовы меншасці ў паветах не кансультавалася з асяроддзямі самаўрадаў, – тлумачыць дэпутат партыі PiS Марэк Аст.
– Гэты праект быў прапанаваны для абмеркавання без кансультацыі з прадстаўнікамі мясцовых уладаў, таму не можа быць падтрыманы з боку парламенскага клуба PiS у Сойме.
Паводле дадзеных нацыянальнага перапісу, дапаможная мова меншасці можа быць уведзеная ў чатырох паветах, у тым ліку ў „беларускім” Гайнаўскім павеце.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя