Маці асуджаных за наркотыкі звярнуліся да Лукашэнкі
Пяцьсот семдзесят сем чалавек падпісалася пад лістом да кіраўніка краіны з патрабаваннем спыніць пазазаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, следчых органаў і пракуратуры пры разглядзе справаў, прадугледжаных артыкулам 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (незаконны абарот наркатычных і псіхатропных рэчываў). Адмысловы ліст з подпісамі грамадзян пераказалі ў Адміністрацыю прэзідэнта маці асуджаных, якія ствараюць грамадскае аб’яднанне “Матулін рух 328”.
– Мы ўсё ж такі ўскладаем надзеі на нашага прэзідэнта. Я ўпэўненая, што калі б я трапіла на прыём і звярнулася са сваёй праблемай, то калі б былі ўказанні зверху, то нашую справу разгледзелі б , і майго сына апраўдалі б.
– Няма каму нам дапамагчы. Мы ўжо хворыя, бо носім гэтую трагедыю ў сабе. З ёй не выйдзеш на вуліцу і нікому пра яе не скажаш. А ў сярэдзіне – дзікі боль, бо не ведаеш як дапамагчы яму, і як дапамагчы сабе.
Зварот да кіраўніка дзяржавы будзе перанакіраваны ў Генеральную пракуратуру, якая і павінна даць адказ тым маці, якія пішуць кіраўніку краіны аб шматлікіх парушэннях заканадаўства і просяць Аляксандра Лукашэнку даць магчымасць дзецям, якія абвінавачаныя ў распаўсюдзе і ўжыванні наркотыкаў, выправіцца.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота unian.net