Акрамя расейскіх баз ёсць АДКБ
Беларуская апазіцыя і грамадскія арганізацыі ўсё настойлівей пратэстуюць супраць размяшчэння ў Беларусі расейскіх ваенных базаў. 4-га кастрычніка на Плошчы Свабоды яны плануюць правесці акцыю пратэсту, на якую запрашаюць грамадзян.
У сераду, 23 верасня, у офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі адбылася сустрэча, прысвечаная выпрацоўцы агульнай пазіцыі што да расейскіх базаў у Беларусі. Намеснік старшыні руху “За Свабоду”Юрась Губарэвіч адзначыў, што на сёння “Расея прызнаная ў свеце як краіна-агрэсар” а яе базы на тэрыторыі Беларусі могуць стаць аб’ектам атакі ў выпадку ўзброенага канфлікту паміж Расеяй і заходнім светам. Лідар АГП Анатоль Лябедзька падкрэсліў, што “у беларускай Канстытуцыі ў 18-м артыкуле запісана дакладна, што мы імкнемся да таго, каб быць бяз’ядзернай, пазаблокавай краінай. Гэта значыць, што на тэрыторыі Беларусі не павінна быць ваенных баз”. Уладзімір Някляеў, кіраўнік стваранага грамадскага руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі» заявіў, што пагаджаючыся на размяшчэнне расейскіх базаў, “Беларусь становіцца расейскай, мілітарызаванай калоніяй, магчыма нават з ядзернай зброяй на сваёй тэрыторыі”. Удзельнікі сустрэчы падпісалі заяву пад назвай “За Беларусь без чужых вайсковых базаў”. У ёй гаворыцца, што падпісанне Дамовы аб размяшчэнні расейскай базы – “гэта згубны крок, які можа прывесці да страты незалежнасці Беларусі. Гэта здрада нашым нацыянальным інтарэсам, здрада народу і краіне». Заяву падпісалі былыя кандыдаты ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, актывіст грамадзянскай ініцыятывы «Беларускі рух» Вацлаў Арэшка. Далучыцца да заявы далі згоду таксама сустаршыня аргкамітэта БХД Павел Севярынец і актывісты зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту», прадстаўнікі беларускай жаночай партыі «Надзея». Паводле аўтараў ініцыятывы, Аляксандр Лукашэнка «не з’яўляецца легітымным прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, не мае права падпісваць дакументы і прымаць рашэнні, якія вызначаюць лёс беларускага народу». Тэкст заявы будзе змешчаны ў інтэрнэце і дасланы ў дзяржаўныя ўстановы, у тым ліку ў Мінабароны і Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Падпісанты заявы слушна адзначылі, „што любая замежная база на тэрыторыі Беларусі не павышае бяспеку для грамадзян, а, наадварот, зьмяншае”. Для усіх ясна, што гэта звязанае з падзеямі ва Украіне. Вось паводле агенцтва Ройтэрс, Расея пачынае будаваць другую буйную базу ў Белгародскай вобласці, 45 кіламетраў ад мяжы з Луганскай вобласцю Украіны. У базе на ўскраіне гарадка Багучар маюць быць размешчаныя 1300 адзінак баявой тэхнікі і больш як 5 тысяч салдата. Калі ўлічыць той факт, што вялізныя, расейскія сілы разбмешчаныя на Крыме, у выпадку стварэння базаў на тэрыторыі Беларусі, Украіна будзе акружаная з трох бакоў. Калі Лукашэнка дасць дазвол на пабудову адной альбо і болей расейскіх базаў на сваёй тэрыторыі, яму цяжка будзе патлумачыць Кіеву, што ў яго дружалюбнае стаўленне да Украіны. Аднак ёсць яшчэ адзін нюанс. Ужо больш як 20 гадоў існуе і праводзіць сумесныя манеўры Арганізацыя Дамовы аб Калектыўнай Бяспецы. Побач з Расеяй, Арменіяй, Казахстанам, Кіргістанам і Таджыкістанам да яе належыць і Беларусь. Ужо гэта супярэчыць таму канстытуцыйнаму імкненню Беларусі да пазаблокавага статусу. Чаму беларуская апазіцыя ніколі не пратэставала супраць АДКБ? Вось пытанне.
Думаю, што калі 4 кастрычніка адбудзецца якая-небудзь акцыя супраць вайсковых базаў, гэта пацягне за сабою затрыманні, суды і ізноў наяўнасць палітвязняў. За тыдзень да выбараў саджаць новых людзей Лукашэнку будзе нязручна, аднак ён не завагаецца гэтага зрабіць. Зрэшты, аб’ектыўна кажучы, з боку апазіцыі гэтая таксама яўная правакацыя.