Развітанне з Радзімай ці сустрэча з ёй?
25 верасня 2015 года адзначаецца юбілей чалавека, які ледзь не стаў аўтарам першага гімна незалежнай Беларусі. Не лёс… Можа, усё з-за назвы “Развітанне з Радзімай”, што літаральна прыклеілася да паланэзу ля мінор Міхала Клеафаса Агінскага?
Маўляў, не павінен гімн замацоўваць песімістычныя настроі ў грамадстве… І ўсё адно гэта шчымлівая мелодыя асацыіруецца з Беларуссю. І назва тут не перашкода. Хутчэй, наадварот. Назва – яна пра нас. І пра Беларусь, з якой мы развіталіся, так і не сустрэўшыся… Зрэшты, не будзем замацоўваць дэпрэсіўныя настроі.
23-24 верасня ў Залессі на Смаргоньшчыне прайшла міжнародная канферэнцыя “Спадчына М. К. Агінскага ў культуры трох народаў”. На працягу двух дзён знаўцаў гісторыі жыцця палітыка і прыхільнікаў творчасці кампазітара сабраў у сваіх адноўленых залах музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага. Мадэратарам канферэнцыі стаў Ул. Р. Шчасны, былы старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА і пасол Беларусі ў Вялікабрытаніі, а цяпер – дарадца-кансультант “Белгазпромбанка”, неабыякавы да мастацтва.
Галоўны рэдактар выдавецтва “Чатыры чвэрці” Ліліана Анцух распавяла пра новыя выданні, прысвечаныя роду Агінскіх. І заўважыла, што апошнія два гады выдавецтва жыло побач з М. К. Агінскім. У юбілейны год былі перавыдадзены кнігі нашчадкаў кампазітара – Анджэя (“Час і музыка М. К. Агінскага”) ды Іво (“Ген М. К. Агінскага”) Залускіх. Яшчэ больш важная падзея – пераклад з французскай мовы на рускую і выданне “Мемуараў Міхала Клеафаса Агінскага”. Адразу ўзнікае пытанне: “Чаму ж не па-беларуску?” Плануецца дапоўненае выданне мемуараў на беларускую мову, плануецца… Магчыма, да гэтага падштурхне новы юбілей мэтра. І грамадская зацікаўленасць у такой важнай справе.
Прыжыццёвыя “Мемуары…” нават на расейскай мове стануць неацэнным падарункам для даследчыкаў жыцця і творчасці Агінскага. Да гэтага яны выдаваліся на французскай, нямецкай, польскай і літоўскай мовах. Прыемным і карысным падарункам стаў двухтомнік і для навуковых супрацоўнікаў музея-сядзібы ў Залессі.
Загадчыца Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь і навуковы кіраўнік работ па стварэнні экспазіцыі музея-сядзібы ў Залессі Зінаіда Кучар павіншавала ўсіх з вялікай справай – правядзеннем музеефікацыі сядзібы Агінскага. З якіх крыніц стваралася экспазіцыя?
Перш-наперш – архіў М. К. Агінскага, вернуты ў 2008 годзе дзякуючы Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЭСКА і яе тагачаснаму кіраўніку Ул. Р. Шчаснаму. Дакладней, былі вернуты з Маскоўскага архіва старажытных актаў электронныя копіі дакументаў і артэфактаў роду Агінскіх. У 1833 годзе сын Агінскага Ірэніўш увесь залескі архіў перадаў расейскаму імперскаму ўраду. Нераспакаваны, у васьмі куфрах ён захаваўся ў Расеі да нашага часу… Гэта 6 тысяч лістоў архіва.
І яшчэ пару пытанняў на развітанне ўзнікаюць міжволі, спадарства!
Чаму Ірэніўш Агінскі ахвяраваў архіў расейскай дзержаве, з якой за незалежнасць дзяржавы сваёй – ВКЛ – змагаўся яго бацька? Дзіўны крок.
Чаму ў музеі-сядзібе М. К. Агінскага ў 21 стагоддзі не прадугледжана безбар’ернае асяроддзе, раз ужо мы кажам, па словах спадара Шчаснага, не пра архітэктурную аўтэнтыку, а пра “аўтэнтыку выкарыстання”? Дзіўная рэч.