Андрэй Курэйчык: Гэты фільм не мае ніякага дачынення да мастацтва



У менскім кінатэатры „Масква” адбылася беларуская прэм’ера фільма Уільяма Девіталя „Мы, браты …”. 1 кастрычніка стужка выходзіць у шырокі пракат. Нагадаем, у 2013 годзе праект карціны пад працоўнай назвай „Авель” перамог у конкурсе нацыянальных кінапраектаў Міністэрства культуры Беларусі і атрымаў з дзяржаўнага бюджэта 20 мільярдаў рублёў. Рэалізацыяй праекта занялася прыватная кінакампанія Nonstop Media. Скандальнасць кінастужцы прынеслі задзейнічаная ў ёй галівудская акторка Наташа Алам, якая раней пазіравала ў якасці мадэлі для глянцавых часопісаў, а таксама здымкі менскага мітынгу, які праходзіў пасля абвяшчэння вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі ў 2010 годзе. „Тое, што грошы падаткаплацельшчыкаў выдаткаваныя на гэта, шакавальная вестка,” – адзначае кінасцэнарыст Андрэй Курэйчык.

– Я не ўбачыў там нічога, што б было звязана з мастацтвам, з культурай, з нацыянальным кінапраектам, паняццем “нацыянальны кінапраект”. Мне здаецца, што гэта поўная дыскрэдытацыя службы бяспекі прэзідэнта, таму што фільм заканчваецца тым, што супрацоўнік службы бяспекі катаецца на “бэнтлі” з жанчынамі – і ў гэтым уся радасць. Таму я зразумеў, чаму на прэм’еры не прысутнічаў ніхто – ні рэжысёр, ні сцэнарыст, ні аператар, таму што гэтым людзям было б сорамна паглядзець у вочы беларускім падаткаплацельшчыкам.

А вось генеральны прадзюсар карціны Сяргей Ждановіч пасля прэм’еры адзначыў, што задаволены рэакцыяй гледачоў фільма. У кінастужцы паказаная гісторыя пра разлад і ўз’яднанне двух братоў у кантэксце сучаснай Беларусі са згадваннем трагічных падзей, якія адбываліся ў краіне ў апошнія гады. Здымкі праходзілі на вуліцах, а таксама на грамадзянскіх, прамысловых і ваенных аб’ектах у Беларусі. Некаторыя эпізоды знятыя ў ЗША. Фільм дубляваны на ангельскую мову.

Беларускае Радыё Рацыя. Паводле БелаПАН.