Бывай, Кароль!
У Палацы мастацтваў адбылося развітанне з вядомым апазіцыйным палітыкам, рэдактарам незалежнага тыднёвіка ”Новы час”, гісторыкам, палітолагам Аляксеем Каралём. Пасля працяглай анкалагічнай хваробы на рак лёгкіх ў яго спынілася сэрца, калі ён знаходзіўся на лекаванні ў Сінгапуры ў коле сям’і сына, дзе і быў крэміраваны. Спадар Кароль быў адным з бліжэйшых паплечнікаў Генадзя Карпенкі, рэдагаваў забароненую ўладамі, заснаваную ім сацыял-дэмакратычную газету “Згода”. Быў узнагароджаны прэстыжнай амерыканскай журналісцкай прэміяй імя Найта. У Палацы мастацтваў сабраліся шматлікія калегі-журналісты і палітыкі.
Мечыслаў Грыб, экс-скіпер парламента:
– Са сваім вельмі прыгожым прозвішчам ён быў і годны чалавек. Не любіў прасіць прабачэння, калі лічыў, што мае рацыю. Даказваў сваю правату, выклікаючы ў мяне заўжды сімпатыю і вялікую павагу. Наколькі вядома, быў аддадзены сваёй сям’і – жонцы, дзецям. Ён быў сапраўдны сацыял-дэмакрат і рабіў усё, каб з’яднаць расколіны ў нашым руху.
Уладзімір Някляеў, паэт, экс-кандыдат у прэзідэнты:
– Нават калі Каралі сыходзяць, засталася Каралева, Каралевіч. Засталіся тыя людзі, якім Аляксей Кароль заклаў сваё каралеўскае, высакароднае, інтэлегентнае чуццё.
Жана Літвіна, экс-старшыня БАЖ:
– У нашым жыцці зрэдзьчас з’яўляюцца асобы, што ўнутрана не абцяжараныя высокімі пасадамі, якіх разумееш, сустрэч з якімі прагнеш. І якіх вельмі цэніш. Аляксей быў такім маральным аўтарытэтам. Калі ад уладных рэпрэсій на свабоду слова апускаліся рукі, ён казаў мне: “Жана, мы выспа свабоды слова! Нельга спыняцца!” Усё яго жыццё – дэманстрацыя ў добрым сэнсе ўпартасці, цвёрдасці, мужнасці!
Уладзімір Арлоў, пісьменнік:
– У “НЧ” выйшла пра Аляксеі больш за 100 выпускаў “Літаратурнай Беларусі” – гэта за 2 тысячы старонак вершаў, прозы, рэцэнзій! Тут не месца каламбураў, але я б сказаў, што калі б мы жылі ў заходнееўрапейскай манархіі, з яго мудрасцю, разважлівасцю, інтэлектам, дыпламатычнасцю, іроніяй ды самаіроніяй – мог бы быць і Каралём…
Аляксандр Старыкевіч, рэдактар газеты “Салідарнасць”:
– Са спадаром Аляксеем сустрэўся ўпершыню чвэрць стагоддзя таму, калі мне прапанавалі схадзіць на ягоную лекцыю, прысвечаную беларусізацыі 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Гэта вялікая страта для нашай журналістыкі, для Беларусі. Ён не лез у “першыя шэрагі” – быў разумны, сціплы, шчыры патрыёт. І яго меркаванні, погляды заўжды былі вельмі трапнымі.
РР: Найважнейшае і тое, што ён быў з адыходзячай зараз кагорты сумленных “духоўных” палітыкаў і журналістаў…
Аляксандр Старыкевіч: Абсалютна так! Ён быў з нешматлікіх тых, каго можна называць сумленнем беларускай журналістыкі. Як напісаў Ігар Мельнікаў у “НЧ” – “адным анёлам на нябёсах больш”…
Лявон Баршчэўскі, палітык, перакладчык:
– Гэта страта для ўсяго нашага інтэлектуальнага поля. Аляксей быў інтэлігент у шырокім сэнсе, бо ўмеў чуць думку іншых. Умеў дыскутаваць на вельмі высокім узроўні, прыстойна. Быў вельмі энергічны. Такіх людзей, увогуле, мала. Вельмі шкада, што яго так хутка забраў лёс. Спадзяюся, будзе паказваць дарогу маладзейшым палітыкам і журналістам. Яго шлях – насамрэч праз церні да зорак. Ён сапраўдны – не роблены БЕЛАРУС!
Зміцер Галко, рэпарцёр “НЧ”, які дзякуючы арганізаваным Каралём яго вандроўкам ва Украіну, стаў са сваімі рэпартажамі адтуль вядомым на ўсю Беларусь:
– За што яму вельмі ўдзячны! “Вандроўка” атрымалася больш чым на год. Разумеў, што не будзе мець адтуль штотыдзень матэрыялаў – а бывала і што раз на месяц не даходзілі. Аляксей Сцяпанавіч быў наймудрэйшым рэдактарам – спакойным, разважлівым і проста ДОБРЫМ чалавекам! Якраз напярэдадні яго скону ізноў не дазволілі распаўсюд “НЧ” – новых часоў не дачакаўся, як і ўсе мы пакуль… Дачакаемся і за яго!
Аксана Колб, выконваючая абавязкі галоўнага рэдактара “НЧ”:
– Ён для мяне быў амаль што бацька. І дагэтуль у галаве не ўмяшчаецца, што яго больш не будзе. Больш ніколі не прыйдзе ў рэдакцыю, не пачую яго парадаў. Ёсць жыццё да яго смерці і пасля. Наша газета будзе выходзіць, пакуль хопіць нашых сілаў і жадання нашых чытачоў. Мы проста абавязаныя зараз яе рабіць, каб ён глядзеў на яе адтуль і радаваўся…
Прах Аляксея Караля будзе пахаваны на Паўночных могілках Менску.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя