Павел Сапелка: Правільным было б увогуле спыніць гэтую справу



Юрыст Павел Сапелка пракаментаваў адмову Следчага камітэта спыніць крымінальную справу аб “масавых беспарадках” 19 снежня 2010 года ў дачыненні да былога кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча. Сапелка адзначае, што папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе спыняецца пры наяўнасці падстаў, указаных у законе. Пры недаказанасці ўдзелу абвінавачанага ў здзяйсненні злачынства, калі вычарпаныя ўсе магчымасці для збірання дадатковых доказаў, крымінальны пераслед спыняецца.

– Следчаму камітэту трэба яшчэ нешта расследваць. Тады паўстае пытанне: а што яны расследвалі на працягу гэтых 5-ці гадоў? Калі справа прыпыняецца, то такое рашэнне прымаецца толькі пасля выканання ўсіх следчых дзеянняў, якія можна выканаць у адсутнасці абінавачанага. Зараз хіба можна задаць нейкія не зададзеныя пытанні абінавачанаму і прыняць заканнае рашэнне па гэтай справе. А адзінае законнае рашэнне па гэтай справе – гэта спыненне крымінальнага пераследу самога Міхалевіча, гэткім жа правільным рашэннем было б спыненне ўвогуле гэтай справы.

Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч 19 снежня 2010 года быў арыштаваны, а праз два месяцы выпушчаны са следчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыездзе, таемна выехаў з Беларусі ды атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. 8 верасня гэтага года ён вярнуўся ў Беларусь і быў затрыманы беларускімі памежнікамі пры ўездзе з Літвы падчас пашпартнага кантролю як асоба, якая знаходзіцца ў нацыянальным вышуку. Міхалевіча перадалі міліцыі, але праз некалькі гадзін адпусцілі на волю пад падпіску аб нявыездзе.

Па вяртанні на радзіму Міхалевіч напісаў хадайніцтва аб спыненні ў дачыненні да яго крымінальнай справы, але яму ў гэтым адмовілі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя