Мяжа ля Заслаўя – трагедыя беларусаў



У менскім бізнес-клубе “Imaguru” адбылася прэзентацыя новай кнігі гісторыка Ігара Мельнікава “Мяжа ля Заслаўя. 1921-1941”. Выданне прысвечана савецка-польскаму памежжу ў міжваенны перыяд. Кніга напісана на падставе шматлікіх дакументаў з архіваў Беларусі, Польшчы, Расеі ды іншых краін, успамінаў сведкаў эпохі і матэрыялаў з асабістай калекцыі аўтара.

unnamedБеларускае Радыё Рацыя пагутарыла з Ігарам Мельнікавым пра яго новую кнігу, а таксама пра значэнне рыжскай мяжы ў гісторыі беларусаў.

РР: “Мяжа ля Заслаўя. 1921-1941” гэта ўжо Ваша другая кніга. Першая была “Заходнебеларуская Атлантыда.” Тэма Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд Вас не пакідае.

Ігар Мельнікаў: Безумоўна, гэта тая тэма, якая мяне заўсёды цікавіла, і цяпер, калі я жыву ў Заслаўі ўжо больш за пяць гадоў, я цікавіўся гісторыяй гэтага старажытнага горада, але, безумоўна, у гэтым кантэксце міжваенным. Гэта вельмі цікава, таму што, на жаль, у беларускай гістарыяграфіі, гэтае пытанне не даследавалася, а варта паказваць менавіта гэты аспект.

РР: “Мяжа ля Заслаўя”, менавіта ля Заслаўя, не каля Коласава ці нейкага іншага пункту. Ці на гэта паўплывала тое, што Вы жывеце ў Заслаўі, ці былі нейкія больш значныя гістарычныя прычыны?

Ігар Мельнікаў: Першая і галоўная прычына, гэта тое, што менавіта пункт Радашковічы-Ліпень быў адным з ключавых чыгуначных пунктаў. Усе ведаем пра пункт Стоўбцы: Коласава-Негарэлае, але вось пра Заслаўскі накірунак мала інфармацыі.  А варта, бо ёсць матэрыялы, ёсць факты, ёсць дакументы, якія варта паказваць, каб сучасныя беларусы ведалі.

РР: Рыжская мяжа, якая падзяліла Беларусь. Не было нейкіх этнічных прынцыпаў пры яе правядзенні. Вось былі дзве вёскі побач, родзічы, і раптам, за межамі Беларусі выходзіць нейкая пастанова, небеларусы яе прымалі, што цяпер вы жывеце ў розных краінах. Гэта была для іх трагедыя.

Ігар Мельнікаў: Безумоўна, трагедыя звычайных беларусаў, людзей, якія проста апынуліся ў гэтай сітуацыі, вельмі цяжкай, і калі маглі выкупіць гэтую вёску, то звычайныя жыхары вёскі выкупалі яе ў гэтых  памежных камісіях. Калі не было магчымасці так паступіць, апынуліся вось менавіта на мяжы. Але калі цяпер ходзіш, калі прайшло ўжо колькі дзясяткаў гадоў, але бачна, дзве вёскі побач, адна вёска была ў Заходняй Беларусі, а другай – ва Усходняй. Першая вельмі цікавая, другая – менш прывабна выглядае, хоць ужо столькі часу мінула! Ёсць культура, традыцыя, і гэта вельмі цікава.

РР: Рыжская мяжа накрэслівалася пасля цяжкой савецка-польскай вайны. Як я ўжо раней сказаў, не было нейкіх этнічных прынцыпаў пры яе фармаванні. Ці польскі і савецкі бакі разумелі, што гэтая мяжа можа быць часоваю?

Ігар Мельнікаў: Справа ў тым, што савецкаму боку ў сакавіку 1921 года трэ’ было спыніць вайну, і трэ’ было ўвогуле зрабіць, каб гэтыя тэрыторыі засталіся за бальшавікамі. Палякам хапала тых тэрыторый, якія яны занялі, яны адмовіліся ад Менска, і яны сталі на гэтай мяжы, каб не мець праблем з беларускай меншасцю, з украінскай меншасцю на гэтых тэрыторыях.

У 30-ыя гады сітуацыя цалкам змянілася. Падзеі 17 верасня з аднаго боку былі рэваншам Сталіна, а з другога боку, у кантэксце Беларусі, гэта было ўз’яднанне, хоць цяжкое і з крывёй, але ўз’яднанне. І я лічу, што гэта адзін з лёсавызначальных момантаў нашай беларускай гісторыі.

РР: Ці была напружанасць на гэтай мяжы, ці можна сказаць, што там была жалезная заслона? Наколькі памежны рэжым быў строгі?

Ігар Мельнікаў: Вельмі строгі быў у 30-ыя гады. У 20-ыя гады яшчэ была магчымасць пераходзіць мяжу, гандляваць, займацца кантрабандай. У 30-ыя гады савецкія памежнікі атрымалі загад страляць на паражэнне, і знішчаць кантрабандыстаў ды перабежчыкаў, загад вельмі жорстка знішчаць людзей, якія пераходзілі гэтую мяжу. Людзей, якіх затрымлівалі, іх высылалі ў Сібір. Гэта была трагедыя для сем’яў, для людзей, якія разам жылі на гэтай мяжы. Разам з тым, нават у 30-ыя гады, я ў кнізе пішу пра гэта, выпадкі, дзе людзі хадзілі, нягледзячы на тое, што была жорсткая ахова гэтай мяжы, людзі працягвалі хадзіць.

РР: Падчас прэзентацыі кнігі Вы казалі, што чыноўнікі Віленскага ваяводства прыязджалі, і з пагоркаў з  дапамогай рознай оптыкі, праз біноклі назіралі за сталіцай Савецкай Беларусі Менскам. Чаму Саветы не перанеслі сталіцу ў Магілёў, былі ж такія чуткі і перадумовы для гэтага?

Ігар Мельнікаў: У 1937 годзе з’явіўся план пераносу сталіцы, у Магілёве пачалі будаваць будынак, які нагадвае сучасны будынак Парламенту ў Менску, і будынак НКВД з’явіўся, з’явіліся таксама вайсковыя збудаванні. Існаваў план перанесці, але падзеі восені 1939 года зусім змянілі мапу еўрапейскай часткі свету, і безумоўна, сітуацыя змянілася, і мяжа праходзіла 300 кіламетраў на захад ад Менска, і ўжо не было сэнсу змяняць нешта. Галоўнай памылкай было тое, што закансервавалі Мінскі ўмацаваны раён, і ў чэрвені 1941 года ён не адыграў тую ролю, якую павінен быў адыграць.

РР: Ваша кніга завецца “Мяжа ля Заслаўя. 1921-1941”. Але мяжа знікла ў 1939 годзе?

Ігар Мельнікаў: Не знікла. Праблема была ў тым, што пасля 1939 года савецкія ўлады вырашылі захаваць гэтую былую мяжу ў выглядзе зоны загароды, і жыхары беларускага памежжа не маглі без дазволу з міліцыі, з НКВД, перасекчы гэтую зону. Павінны былі атрымліваць спецыяльную даведку. Жыхары Заходняй Беларусі вельмі часта ўзгадваюць, што яны не маглі паехаць да сваякоў у Менск, а вымушаны былі чакаць змен, якія, як ні дзіўна, прыйшлі ў чэрвені 1941 года, калі пачалася вядомая Вялікая Айчынная Вайна, ці калі адбыўся напад Германіі на Савецкі Саюз.

РР: Вось ужо 76 гадоў, як  мяжа была перасунута на Захад Савецкім Саюзам. А ці гэтую мяжу можна цяпер заўважыць?

Ігар Мельнікаў: Можна заўважыць, і я раблю гэта на сваіх  экскурсіях, вандроўках па былым Заслаўскім памежжы, я напісаў кнігу, як адлюстраванне гэтай малой вандроўкі. Ёсць просекі,  пералескі, дарогі на тых месцах, дзе была мяжа. Захаваліся нават будынкі старых савецкіх памежных казарм, і  польскіх стражніц, якія менавіта прымалі ўдзел у падзеях 1939 года. Усе гэтыя артэфакты  да сёння захаваліся і пра іх варта распавядаць. Варта, каб гэта рабіў чалавек дасведчаны, але гэта цікавыя моманты.

РР: Падчас вераснёўскай кампаніі 1939 года савецкі жаўнер наступае з Усходняй  Беларусі ў Заходнюю. Якую розніцу ён бачыць?

Ігар Мельнікаў: Вялікую розніцу. Зусім іншая вопратка людзей, зусім іншае адзенне, зусім іншыя падыходы ў жыцці, у крамах. Жаўнеры Чырвонай Арміі былі здзіўлены таму, як жывуць бедныя беларускія сяляне пад польскім прыгнётам. Хоць ідэялізаваць жыццё Заходняй Беларусі пад уладай Другой Рэчы Паспалітай вядома не трэба. Разам з тым, жыццё гэтае адрознівалася і ў эканамічным сэнсе, і пра гэта я падрабязна апісаў у “Заходнебеларускай Атлантыдзе”, у сваёй першай кнізе, і пра гэта дарэчы я кажу ў “Мяжы ля Заслаўя”, бо там таксама ўзгадваюцца тыя цікавыя моманты, якія тычацца таго ўражання, якое было ў савецкіх людзей, калі яны прыехалі ў Заходнюю Беларусь. І варта падкрэсліваць, што ў памежным кантэксце, штурм 17 верасня адбываўся менавіта савецкімі памежнікамі, яны штурмавалі польскія стражніцы КАП. Гэты момант таксама варта памятаць.

РР: Гэтая міжваенная мяжа, якую яна адыграла ролю ў нашай дзяржаўнасці, нашым дзяржаўным мысленні?

Ігар Мельнікаў: Тут хутчэй не пра мяжу ідзе гутарка, а пра міжваеннае дваццацігоддзе. Калі у Беларусі было міжваеннае дваццацігоддзе, то сённяшняя гісторыя Беларусі была зусім іншая, як гэта напрыклад, гісторыя Літвы, гісторыя Польшчы. Тыя дваццаць кароткіх гадоў стварылі вельмі шмат для ментальнасці, для захавання культуры і дзяржаўнасці. За дваццаць гадоў палякі змаглі стварыць свой нацыянальны міф, літоўцы – таксама вакол “Віціса”, вакол іншых сімваў Вялікага Княства Літоўскага. У беларусаў гэтага не было. Больш таго, яны былі падзелены паміж дзвюма сістэмамі, між дзвюма краінамі, і ў гэтых умовах ім прыйшлося існаваць. Падзеі верасня 1939 года стварылі адзіную дзяржаву, і гэта вельмі важна. З пяцімільённай малой савецкай рэспублікі мы ў адзін момант пераўтварыліся ў дзесяць мільёнаў. І ўжо пасля Другой Сусветнай Вайны менавіта беларусы былі аднымі з тых, хто ствараў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый.  

[Not a valid template]

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара