Андрэй Дзмітрыеў: Не выключаю другі тур выбараў
Андрэй Дзмітрыеў – кіраўнік выбарчага штабу кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч – прагназуе, чым можа закончыцца для іх каманды удзел у прэзідэнцкіх выбарах.
РР: Ваш прагноз: колькі адсоткаў набярэ Таццяна Караткевіч на выбарах?
Андрэй Дзмітрыеў: Я скажу так: мы робім усё магчымае, каб сабраць максімум. Не буду казаць пра нейкія канкрэтныя лічбы, адзначу толькі, што на сёняшні момант ёсць толькі два кандыдаты, паміж якімі людзі будуць выбіраць – гэта Караткевіч і Лукашэнка. Мы ўпэўнены, што, калі на выбарчыя ўчасткі прыйдуць усе тыя, хто хоча ў Беларусі перамен, то магчымы другі тур выбараў.
РР: Ёсць меркаванне, што ўлада можа даць Караткевіч столькі адсоткаў галасоў, колькі захоча…
Андрэй Дзмітрыеў: Мы будзем рабіць ацэнкі этапу падліку галасоў на падставе незалежнага назірання, у якім таксама ўдзельнічаем. І на падставе заключэнняў міжнародных назіральнікаў, якім давяраем. Але да 11 кастрычніка хачу адзначыць, што галасы дае толькі беларускае грамадства. І ад таго, наколькі актыўна яно падтрымае мірныя перамены ў асобе Таццяны Караткевіч, будзе залежыць, як улада будзе паступаць пасля выбараў. На якія перамены яна пойдзе, як будзе ажыццяўляць іх і пра што стане казаць.
РР: Былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Мечыслаў Грыб выказаўся, што на сумленных выбарах Караткевіч мела б шанец. Ваша меркаванне?
Андрэй Дзмітрыеў: Ведаеце, калі народ прыйдзе на выбары, то, як я ўжо казаў, не выключаю другі тур. Бо, на мой погляд, сёння ніводны кандыдат у прэзідэнты не набірае неабходную колькасць галасоў. Гэта ўнікальная сітуацыя ў Беларусі, калі Лукашэнка ў першым туры можа не набраць неабходныя 50 адсоткаў.
РР: Вы – вялікі аптыміст…
Андрэй Дзмітрыеў: У сёняшняй сітуацыі для другога тура ёсць усе падставы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя