„Nizkiz” i „:B:N:” адыгралі канцэрт у Берасці
На канцэрце можна было пачуць як старыя, так і новыя хіты гуртоў. Саму імпрэзу для аматараў рок-музыкі падрыхтавала мясцовая прома-суполка “Зала чакання” пры падтрымцы грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі”.
Кажа лідар бярозаўскага “:B:N:” Алесь Лютыч:
– Мы адразу адгукнуліся на прапанову зайграць у Берасці, таму што мы ўжо 5 год не даязджалі сюды з канцэртамі. Вельмі цёплы, драйвовы атрымаўся выступ. Народ разам з намі спяваў, танчыў. Добрая атмасфера адчувалася.
Акрамя цалкам беларускамоўнага “:B:N:”, у другой палове канцэрту зайграў і двухмоўны магілёўскі калектыў “Nizkiz”. Імпрэза доўжылася тры гадзіны і абодва гурты па просьбах слухачоў спявалі “на біс”.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Аляксандра Ждановіча