Птушка шчасця



Так атрымалася, што па пятніцах пасля абеду я праязджаю каля аднаго з самых прыгожых месцаў у Вільні – касцёла святой Ганны і кляштару бернардынцаў. У такую пару там амаль заўсёды чакаюць шлюбу чарговыя шчаслівыя пары. Кідаецца ў вочы нарачоная ў беласнежнай сукні, яе сяброўкі ва ўрачыстых пазычаных даўгіх сукенках, у якіх яны не ўмеюць рухацца, бо ўсё свядомае жыццё прахадзілі ў джынсах. Праз некалькі хвілінаў маладыя прысягнуць перад святаром і Ўсявышнім кахаць адно другога аж да смерці. А потым паводле смешнай традыцыі падмацуюць клятву бліскучым замком, павешаным на парэнчах маста праз Вілейку, у воды якой будуць  выкінуты ключы…

Вядома, жадаеш незнаёмым маладажонам шчасця. А з галавы не йдзе прачытаная нядаўна гісторыя, аповяд аднаго псіхатэрапеўта.

Прыйшла да яго заклапочаная маладая жанчына, саромеецца, не ведае, з чаго пачаць. Кажа, што, магчыма, яе выпадак – гэта глупства, не вартае ўвагі. “Доктар тут я, – кажа псіхатэрапеўт, – і мне вырашаць, што глупства, а што не”. Гісторыя жанчыны была такая. Са сваім мужам яны пазнаёміліся яшчэ студэнтамі, на першым курсе. Каханне не астыла і да выпускнога, і яны пабраліся шлюбам. Паступова нарадзіліся двое прыгожых здаровых дзяцей, якіх бацька палюбіў усім сэрцам, а яны – яго. Дый паміж сужэнцамі ўсё было добра. Практычна ідэальная сям’я. Ніколі не сварыліся, не здраджвалі адно другому. Пакуль… пакуль не здарылася тое, з чым жанчына прыйшла да псіхатэрапеўта.

Аднойчы яна прыгледзелася, і заўважыла, што калі яе муж есць, у яго неяк непрыемна кратаюцца вушы. Пачала прыглядацца, і заўважыла мноства іншых недарэчных дробязяў. А потым неяк раніцой прачнулася, і ўсвядоміла, што побач ляжыць зусім ёй чужы непрыемны чалавек. Пры гэтым яна, намагаючыся быць аб’ектыўнай, усведамляла, што ў ім абсалютна нічога не змянілася на горшае з часу іхняга знаёмства. Дык што ж здарылася, чаму былое гарачае каханне выпарылася невядома куды? Хто вінаваты, ў чым прычына?

І што рабіць – разбурыць сям’ю? Дзеля чаго… Ці сціснуць зубы і цярпець?

Псіхатэрапеўт разгубіўся, і не змог нічога параіць. Проста, мабыць, не хацеў раіць штось банальнае, з жаночых часопісаў – маўляў, пажывіце пэўны час асобна, купіце новую бялізну, і падобныя банальнасці.  А што тут параіш – кожны ведае, што нельга ўваскрасіць памерлага чалавека, а што рабіць, калі памірае каханне? Ці заўсёды можна зразумець прычыну ягонай смерці? Проч, вядома, яўных выпадкаў – здрады, п’янства, жорсткасці і гэтак далей. Дый то бывае, што і б’юцца, і сварацца, а – кахаюцца, якім бы пачварным ні выглядала збоку такое каханне…

А можа, каханне – не птушка шчасця, якую цяжка злавіць, але яшчэ цяжэй утрымаць, а сад, які трэба даглядаць, паліваць і праполваць? Але ці ж не бывае, што і ў садзе возьме дый засохне без бачнай прычыны найлепшае дрэўца?

Бясспрэчна адно – каханне ёсць такім каштоўным дарам Нябёсаў, які не кожнаму даецца. І калі ўжо ўдалося выйграць у гэту латарэю, то трэба гэты выйгрыш цаніць больш за ўсё на свеце…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ