Сябры ЛДП Гайдукевіча не вераць у выбары без фальсіфікацыяў
Сябры Гарадзенскай абласной арганізацыі ліберальна – дэмакратычнай партыі Беларусі не вераць у справядлівы вынік будучых прэзідэнцкіх выбараў і прагназуюць іх фальсіфікацыю з боку ўладаў.
Ход бягучай палітычнай кампаніі, калі ва ўчастковых выбарчых камісіях знаходзяцца прадстаўнікі толькі праўладных структур з’яўляецца таму пацверджаннем.
Як зазначае старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі ЛДПБ Аляксандар Талстой, яскравым прыкладам фальсіфікацыі былі мінулыя парламенцкія выбары. «Наўрад ці гэта зменіцца і на прэзідэнцкіх», — лічыць ён.
— На парламенцкіх выбарах мы выставілі кандыдатаў у дэпутаты практычна па ўсіх выбарчых акругах, а іх было 110, але, чамусьці, не прайшоў аніводзін. У нас ёсць вельмі цікавыя, вядомыя, людзі, як той жа Крыжаноўскі, і ўсе кажуць, што ідуць галасаваць за яго: вуліцамі, пад’ездамі, дамамі. Я не хачу прыводзіць словы Сталіна пра выбары, яны ўсім вядомыя.
Масавыя фальсіфікацыі на будучых прэзідэнцкіх выбарах прагназуюць і незалежныя назіральнікі, якія сцвярджаюць, што палітычная кампанія ў Беларусі адбываецца пад татальным кантролем уладаў, і спадзявацца на справядлівы вынік не прыходзіцца.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня