Ці адменяць “д’ябальскую” пастанову?
“Бізнес-супольнасць просіць прыпыніць дзеянне ўрадавай пастановы на тры месяцы”, – паведаміў сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў.
Нагадаем, 27 жніўня ўступіла ў дзеянне пастанова Савета Міністраў №666, якая ўстанаўлівае адміністрацыйную працэдуру па санітарна-гігіенічнай экспэртызе шэрагу пазіцый імпартуемай прадукцыі, куды ўключаная бытавая тэхніка, тавары бытавой хіміі, шэраг аўтамабільных тавараў і многае іншае. Галоўная навіна: праводзіць санітарна-гігіенічную экспэртызу для імпартнай прадукцыі (у тым ліку і з Расеі) трэба для кожнай партыі тавару.
Днямі стала вядома, што бізнес-асацыяцыі збіраюцца звяртацца ў Камітэт дзяржкантролю, каб пакараць распрацоўшчыкаў дакумента.
Віктар Маргелаў: У мінулую пятніцу бізнес-асацыяцыі таксама звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта, аднеслі туды ліст з нагоды прыняцця вышэйназванай пастановы. Мы выказалі пазіцыю бізнес-супольнасці, папрасілі пасадзейнічаць таму, каб на тры месяцы прыпынілі дзеянне дакумента. А за гэты час перапрацаваць яго так, каб для бізнеса былі мінімальныя наступствы.
РР: Калі ўсё застанецца па-ранейшаму, якія могуць быць наступствы для бізнеса?
Віктар Маргелаў: Пра гэта ўжо не раз казалася. Па-першае, для імпарцёраў надзвычай ускладніцца работа. Спажыўцы адразу адчуюць падаражэнне імпартнага тавара і зніжэнне яго асартымента. Гэтага не пазбегнуць – такія будуць асаблівасці працы па новай пастанове. Па-другое, не выключана, што з’явяцца праблемы і ў Еўразійскім эканамічным саюзе, таму што будуць парушаны правілы яго стварэння. І трэцяе – атрымае развіццё ценявая эканоміка. Будзе існаваць шэры рынак, які і будзе ўвозіць у Беларусь нелегальна імпарт з той жа Расеі без аніякіх сертыфікатаў.
РР: На ваш погляд, ці прыслухаюцца ўлады да бізнес-супольнасці?
Віктар Маргелаў: Пакуль такая надзея застаецца, бо, наколькі вядома, і сярод чыноўнікаў неадназначнае разуменне сітуацыі. Будзем змагацца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота minsk.gov.by