Наўмысны ляпсус амбасадара
Сёння, Міністэрства замежных справаў Польшчы выклікала да сябе для тлумчэнняў амбасадара Расеі ў Польшчы Сяргея Андрэева. Ён часткова вытлумачыўся звяртаючы ўвагу на дрэнную інтэрпрэтацыю ягоных слоў, але сказанае ім пайшло ў свет і пакінула непрыемнае ўражанне сярод палякаў.
У пятнічным інтэрвію для тэлеканала TVN24 ён заявіў, што палітыка Польшчы прывяла да пачатку Другой Сусветнай Вайны, а 17 верасня 39-га года савецкія войскі занялі ўсходнюю частку Польшчы ў якасці самаабароны. «Гэта палітыка Польшчы ў міжваенны перыяд прывяла да катастрофы ў верасні 39-га года… Польшча блакавала стварэнне антыгітлераўскай кааліцыі, значыць, яна часткова адказная за вайну».
Паводле ягоных словаў, уваход Чырвонай Арміі на ўсходнія тэрыторыі Польшчы быў не агрэмсіяй, але спробай гарантаваць бяспеку Савецкаму Саюзу. «Мы ніколі не забудзем. Я асабіста, ніколі не забуду пра сітуацыю з помнікам», — дадаў амбасадар, маючы на ўвазе дэмантаж помніка савецкага генерала Чэрняхоўскага ў Пененжне. Польшча абвінавачвае яго ва ўдзеле ў расправе над салдатамі ўзброенага польскага падполля.
Словы амбасадара выклікалі хвалю абурэння з боку польскіх палітыкаў, гісторыкаў і публіцыстаў. Нават надзвычай тактоўны і стрыманы былы міністр замежных справаў Польшчы, Адам Ротфэльд, не хаваў здзіўлення словамі Андрэева. «Задача амбасадараў палягае ў тым, каб паляпшаць а не пагаршаць адносіны паміж дзвюма краінамі», — заявіў гэты дасведчаны дыпламат, старшыня Польска-расейскай Рады па складаных справах. «Мы рашуча пратэстуем супраць слоў амбасадара… Ён рэлятывізуе і апраўдвае антыпольскія дзеянні савецкіх «вызваліцеляў». Гэтае «вызваленьне» праявілася ў арыштах, ссылках і расстрэлах палякаў. Гэта адсутнасць павагі для памяці ахвяр злачынстваў НКВД», — заявіў польскі МЗС. На абвінавачанне Польшчы ў пачатку вайны прэм’ер Эва Копач заявіла: «Я магу адказаць амбасадару адным моцным словам: у Польшчы нават дзеці ведаюць, што Рыбентроп і Молатаў не былі палякамі».
Сяргей Андрэеў павінен ведаць, што пакт Молатава-Рыбентропа быў вырашальны для пачатку вайны. Сталін і Гітлер падзялілі Еўропу на сферы ўплываў. Прадметам сакрэтнага пратаколу не была толькі Польшча, якая нібыта спрычынілася да пачатку вайны. Паводле Дамовы, Савецкі Саюз захапіў таксама Літву, Латвію, Эстонію, частку Польшчы, Фінляндыі і Румыніі. Сталін запэўніў Гітлеру бяспеку на Ўсходзе, каб той мог свабодна дзейнічаць ва ўсёй Еўропе. У чэрвені 40-га году Масква павіншавала нямецкіх саюзнікаў з бліскучай перамогай над Францыяй. Пакуль немцы не напалі на сам Савецкі Саюз, саветы не бачылі ніякай вайны. Яна для іх пачалася ўсяго толькі 22 чэрвеня 41-га года, і толькі тады Савецкі Саюз далучыўся да антыгітлераўскай кааліцыі. Гэта неаспрэчныя факты. Пра гэта пішуць у падручніках ва ўсім свеце за выключэннем расейскіх.
Тут выпадае задацца пытаннем: чаму афіцыйны прадстаўнік Расеі не проста пляце дурноты, але абражае краіну гаспадара. Хоць амбасадары заўсёды толькі выконваюць інструкцыі свайго МЗС, аднак, звычайна ў такіх выпадках, такіх дыпламатаў проста высылаюць з краіны. Андрэева не вышлюць, хоць варта было б за сказанае не толькі яго выгнаць, але яшчэ даць, як кажуць палякі, магутнага «копа»: выспятак пад зад. Аднак, Расея ў адказ выслала б польскага амбасадара, і сітуацыя толькі абвастрылася б.
Выглядае, што Масква свядома ідзе на пагаршэнне і так дрэнных адносінаў з Варшавай. Гэта адбываецца ў часе, калі вядуцца перамовы паміж Расеяй ЗША, Францыяй, ФРГ і Ўкраінай у справе Данбасу. Расея ў ніякім разе не хоча павелічэння ролі Польшчы на гэтых перамовах, бо нібыта з ёю «немагчыма ні ў чым дагаварыцца». Ня выключана, што ведаючы пра русафобства палякаў, Крэмль спрабуе ўскласці на Польшчу частку адказнасці за дрэнныя адносіны паміж Расеяй і Захадам. Але ж, яны дрэнныя з тае прычыны, што Расея напала на суседнюю, нібыта «братнюю» краіну, а адказнасць за гэта яна ўскладае на «бандэраўскі», «фашысцкі» урад у Кіеве. Гэта тая самая рыторыка, што ў вуснах амбасадара Андрэева наконт Польшчы. Чорнае выдаць за белае, і наадварот. Ажно дзіва, як гісторыя ўмее паўтарацца. Хто мог падумаць, што пуцінская Расея пойдзе ў рыторыцы і дзеяннях па шляху сталінскага Савецкага Саюза.