Выбарчая камісія Гарадзеншчыны рапартуе: скаргаў няма



Паседжанне па падрыхтоўцы да датэрміновага галасавання правяла абласная выбарчая камісія Гародні. Камісія праверыла, на колькі гатовыя ўчастковыя камісіі вобласці, а таксама службы: выратавальнікі, міліцыянты, супрацоўнікі КДБ. Назіральнік ад Беларускага хельсінкскага камітэту Раман Юргель, які наведаў паседжанне камісіі, кажа, што прысутнічалі там назіральнікі ад АБСЕ, ветэранаў вайны ў Афганістане, ад БРСМ, аб’яднання „Белая Русь”, Беларускага саюзу жанчынаў.

– Валеры Саўко, старшыня Гарадзенскай абласной камісіі, падкрэсліў, што ў абласную камісію скаргаў ад давераных асоб кандыдатаў у прэзідэнты не паступала. Таксама мала паступала заявак на правядзенне сустрэч з выбаршчыкамі. Паступаюць у асноўным ад давераных асоб дзеючага кіраўніка дзяржавы. Ад іншых не паступае. Таксама падкрэслена кіраўнікамі Кастрычніцкай, Ленінскай, Гарадзенскай раённых выбарчых камісій, што ніякіх скаргаў ні ад каго ў камісіі не паступала.

Прыехала на паседжанне абласной камісіі сябра цэнтральнай выбарчай камісіі Марыя Рахманава. Упершыню назіральнікам ад АБСЕ дазволяць наведаць закрытыя вайсковыя выбарчыя ўчасткі ў дзень выбараў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя