Расея забароніць Украіне выкарыстоўваць сваю паветраную прастору



Расея забараняе украінскім авіякампаніям выкарыстоўваць сваю паветраную прастору з 25 кастрычніка. Пра гэта ў панядзелак, 28 верасня, паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на міністэрства транспарту Расеі.

„Дадзеная мера стане адказам на паведамленне Дзяржавіяслужбы Украіны, якая 28 верасня ў аднабаковым парадку, у парушэнне існуючых нормаў і палажэнняў аб паветраных зносінах апавясціла шэраг расійскіх авіяперавозчыкаў аб тым, што з пачатку зімовай навігацыі, а менавіта з 25 кастрычніка, уводзіць забарону на выкананне авіяпералётаў паміж Расеяй і Украінай”, – паведамілі ў ведамстве.

Раней, 25 верасня, прэм’ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк абвясціў аб рашэнні кабінета міністраў, згодна з рашэннем ўкраінскага Савета нацыянальнай бяспекі і абароны, забараніць расійскім авіякампаніям, у тым ліку «Аэрафлоту» і «Трансаэра», лётаць ва Украіну.

Таксама Украіна забараніла транзітныя палёты расейскіх авіякампаній праз тэрыторыю краіны, „калі яны ўтрымліваюць тавары ваеннага прызначэння, падвойнага прызначэння або расейскую ваенную жывую сілу”. Усяго палёты забаранілі 25 расейскім авіякампаніям, якія 16 верасня трапілі пад санкцыі Украіны.