Берасцейцы дамагліся скасавання дамовы на арэнду Мухаўца



Прадстаўнікі берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада) заявілі пра завяршэнне акцыі пад назвай «Вернем Мухавец народу».

Дамова арэнды ўчастка ракі Мухавец з Таварыствам з Абмежаванай Адказнасцю «Белэлектрабудмантаж» скасавана. Цяпер доступ да воднага рэсурсу будуць мець, як і раней, згодна Канстытуцыі, простыя грамадзяне, — адзначыў палітык Ігар Маслоўскі.

— Рака належыць дзяржаве, рака належыць звычайным жыхарам нашай вобласці. Гэта месца, дзе людзі павінны адпачываць і лавіць рыбу, а не нейкае няпрофільнае прадпрыемства займацца прамысловым ловам рыбы. Безумоўна, гэта перамога грамадскасці. Мы, БСДП, пачыналі гэтую кампанію больш за два гады назад. Мы збіралі подпісы ў электронным выглядзе, збіралі подпісы, ходзячы па кватэрах і на вуліцах нашых гарадоў.  

Актывісты разам з рыбакамі і жыхарамі тэрыторый блізу ракі Мухавец два гады змагаліся супраць перадачы ў арэнду прыватнай фірме часткі  прыроднага рэсурсу.

У часе наведвання Берасця ў чэрвені гэтага года кандыдат на пасаду прэзідэнта Таццяна Караткевіч прыняла асабісты ўдзел у зборы подпісаў, і, разам з грамадзянамі, аднесла зварот у Берасцейскі абласны выканаўчы камітэт.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце