Чаму чыноўнікі не ідуць да прадпрымальнікаў?



“Многім чыноўнікам сёння сорамна глядзець нам у вочы”, – кажа прадпрымальнік Вячаслаў Піліпук.

28 верасня ў Менску прайшоў Форум прадпрымальнікаў, на якім абмяркоўваліся надзённыя праблемы малога бізнеса. Але дзяржаўных чыноўнікаў, якіх запрашалі на мерапрыемства, прыйшло не так і шмат.

Вячаслаў Піліпук: На форуме абмеркавалі балючыя пытанні ІП-эшнікаў. Гэта і арэнда, і сертыфікацыя, і пастанова Саўміна №666, якая стала апошнім цвікам у труну малога бізнеса… Быў прыняты выніковы дакумент, які накіруем у Адміністрацыю прэзідэнта і розныя міністэрствы ды ведамствы. Таксама прэзентавалі добрую праграму развіцця эканамічнай сістэмы Беларусі і перадалі яе прадстаўнікам Мінгандлю і Мінэканомікі. Дарэчы, на форуме толькі гэтыя ведамствы і былі прадстаўлены.

РР: Чаму іншыя запрошаныя не прыйшлі?

Вячаслаў Піліпук: На апошнім форуме прадпрымальнікаў, тры месяцы таму, мы насамарэч чулі выступленні чыноўнікаў з усіх ведамстваў – Мінфіна, Міністэрства па падатках і зборах, Беллегпрама… У іх быў пэўны план дзеянняў, яны былі ў ім упэўнены, адчуваўся нейкі ўздым ад сваіх ідэй. Маўляў, вы выконвайце тое, што мы прыдумалі – і ўсё будзе добра. На што яны спадзяваліся? Што пойдуць добрыя паступленні ў бюджэт. Але прайшло тры месяцы, і яны бачаць вынік. І бачаць, што вынік яшчэ горшы, чым быў раней. Шляхам увядзення дадатковых законаў чыноўнікі хацелі павесіць пэўныя выдаткі на бізнес, каб атрымаць дадатковыя грошы ў бюджэт за тую ж сертыфікацыю, гігіену. У дадатак былі павялічаны падаткі, пайшлі штрафныя санкцыі. Але ў такіх умовах бізнес не можа існаваць. Зразумела, што многія сталі сыходзіць на іншыя рынкі, з’язджаць у іншыя краіны, закрывацца. І бюджэт ад прыняцця новых дакументаў не папоўніўся. Мабыць, зараз тым чыноўнікам, якія не прыйшлі на мерапрыемства, сорамна было глядзець у вочы прадпрымальнікам. Яны не ведаюць, што рабіць далей. Адным словам, іх уздым некуды знік. Зараз стаіць пытанне, як выратоўваць сітуацыю.

РР: На ваш погляд, ці ёсць ва ўлады бачанне таго, як дзейнічаць далей?

Вячаслаў Піліпук: Каб было такое бачанне, трэба яшчэ і жаданне прыслухоўвацца да грамадзянскай супольнасці, да саміх прадпрымальнікаў. Трэба, каб чыноўнікі са сваіх вышынь начальнікаў апусціліся на зямлю. Такая сістэма ніколі не працавала, і тое, што зараз адбываецца ў эканоміцы, пацвярджае гэта. Капіраванне сістэмы Савецкага Саюза ні да чаго добрага не прывядзе. Бо эканоміка СССР у выніку прывяла да не толькі да эканамічнага банкруцтва, але і палітычнага.

РР: Можа быць зараз улада, калі ўбачыла правальнасць сваіх новаўвядзенняў, зробіць крок насустрач прадпрымальнікам?

Вячаслаў Піліпук: Мы спадзяемся, што здаровы сэнс пераможа, і толькі сумесная праца дасць плён. Тым больш, што прадпрымальнікі добра ведаюць сваю “кухню” і ведаюць, дзе і што можна падрэгуляваць, каб было лепш працаваць. Стане лепш працаваць – будзе больш прыбытку. Будзе больш прыбытку – дзяржава атрымае больш грошай у бюджэт.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя